BE RU EN

Дачка Грэфа падпісала дэкларацыю, што не падтрымлівае вайну

  • 12.07.2025, 14:18

Марыя Грэф атрымала ад Міжнароднай федэрацыі коннага спорту нейтральны статус.

Дачка кіраўніка расейскага «Сбербанка» Германа Грэфа Марыя атрымала ад Міжнароднай федэрацыі коннага спорту (FEI) нейтральны статус, які дазволіць ёй удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах без сцяга і гімна краіны. Для гэтага ёй давялося падпісаць дэкларацыю аб тым, што яна не падтрымлівае вайну Расеі ва Украіне, паведаміла выданне «Можем объяснить» («МО»).

У FEI журналістам заявілі, што праверка, праведзеная федэрацыяй, не выявіла ніякага кампрамату або сумневаў у добранадзейнасці наезніцы. «Таксама не было выяўлена інфармацыі, якая сведчыць аб тым, што Марыя Грэф выказвала падтрымку або выказвалася наконт уварвання Расеі ва Украіну», - дадаў прадстаўнік федэрацыі коннага спорту. Ён дадаў, што Герман Грэф «класіфікуецца як палітычна значная асоба, але гэтая класіфікацыя належыць толькі да яго».

Марыя Грэф - кандыдат у майстры спорту па выездцы, яе сям'я валодае некалькімі дарагімі канямі. Згодна з базай звестак Федэрацыі коннага спорту Расеі (ФКСР), вясной і летам 2004 года яна ўдзельнічала ў Расеі ў некалькіх спаборніцтвах па выездцы сярод юніёраў на кані, які належыць яе маці Яне Грэф. Са слоў крыніц «МО», нядаўна 20-гадовая Марыя перавезла гэтага каня ў Лондан, дзе ён жыве і вучыцца ўжо блізу двух гадоў.

На канец чэрвеня, акрамя Марыі Грэф, FEI надала нейтральны статус яшчэ 26 расейскім наезнікам.

Герман Грэф знаходзіцца пад міжнароднымі санкцыямі

Кіраўнік «Сбербанка» Герман Грэф уважаецца за аднаго з галоўных так званых «сістэмных лібералаў» у асяроддзі прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна. Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне Грэфа ўключылі ў свае санкцыйныя спісы Еўрапейскі Звяз, ЗША, Вялікая Брытанія, Канада, Швэйцарыя, Аўстралія, Новая Зеландыя і Украіна.

Паводле расследавання выдання «Проект», апублікаванага ў пачатку 2023 года, Грэф карыстаецца бізнэс-джэтамі, якія належаць «Сбербанку», для палётаў на курорты Карыбскага мора і ў нямецкі Бадэн-Бадэн. Журналісты прывялі выпіску з кадастравай кнігі, паводле якой Грэф валодае ў Бадэн-Бадэне кватэрай з ацэначным коштам 300-400 тысяч еўраў. У Расеі кіраўнік «Сбербанка» жыве ў чатырохпавярховым асабняку на Рублёўскай шашы, які каштуе не менш за 250 млн рублёў, гаворыцца ў матэрыяле. Акрамя таго, аўтары расследавання знайшлі цесную сувязь паміж Грэфам і люксембуржскім інвестфондам Altera Capital з агульным аб'ёмам да 500 млн даляраў.

«МО» цытуе словы Іллі Шуманава з Transparency International Расея, які назваў «сістэмнай уразлівасцю» ў рэжыме санкцый той факт, што яны не закранаюць сваякоў людзей, якія падпалі пад абмежаванні. «Санкцыі задумваліся як удар па элітах - па іх актывах і ладу жыцця. Але на практыцы яны часта ўплываюць толькі фармальна. Герман Грэф даўно пад санкцыямі, а яго дачка Марыя без праблем трэніруе дарагіх коней і жыве цалкам сабе звычайным жыццём. Усё паводле правіл: яна не пад санкцыямі, палітычных заяў не рабіла, сцяг Расеі не паднімае, але ў рэальнасці працягвае карыстацца рэсурсамі, створанымі за кошт бацькі», - паказвае Шуманаў.

Апошнія навіны