У ЕЗ растлумачылі, як адрэагуюць на тарыфы ад Трампа
- 13.07.2025, 17:51
Контрзахады ўжо падрыхтаваныя.
Еўрапейскі Звяз распрацаваў контрзахады ў сувязі з новымі тарыфамі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. Але ўкараненне контрзахадаў будзе прыпыненае як мінімум да пачатку жніўня - ЕЗ імкнецца дамовіцца з ЗША.
Пра гэта заявіла прэзідэнтка Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен, паведамляе Reuters.
Дарэчы, падчас размовы з прэсай фон дэр Ляен сказала, што ЕЗ «будзе працягваць рыхтаваць далейшыя контрзахады, каб мы былі цалкам гатовыя». Першы пакет распрацаваных контрзахадаў - гэта тарыфы на амерыканскія тавары на суму, большую за 21 мільярд еўраў. Аднак ён быў прыпынены ў красавіку дзеля перамоў з ЗША.
На падыходзе другі пакет, які распрацоўваецца з траўня. Ён ахоплівае амерыканскія тавары на суму 72 мільярды еўраў. Аднак поўны спіс усё яшчэ не зацвердзілі, акрамя таго яго давядзецца ўзгадніць з усімі краінамі-сябрамі ЕЗ.
Пры гэтым фон дэр Ляен запэўніла, што ЕЗ не будзе пакуль выкарыстоўваць «інструмент супраць прымусу». Ён дазваляе блоку ўжыць захады ў адказ супраць трэціх краін, якія выкарыстоўваюць эканамічны націск на чальцоў ЕЗ.
«Інструмент створаны для надзвычайных сітуацый, мы яшчэ не дасягнулі гэтага», - сказала прэзідэнтка Еўракамісіі.
Мяркуецца, што контрзахады ЕЗ могуць уключаць у сябе абмежаванне доступу амерыканскіх тавараў і паслуг на еўрапейскія рынкі. Акрамя гэтага, пад удар могуць патрапіць амерыканскія інвестыцыі, фінансавыя рынкі, а таксама можа быць уведзены жорсткі экспартны кантроль.