NSJ: Пра што Сі Цзіньпін хлусіць Трампу
- 15.07.2025, 17:55
Тры хлуслівыя гісторыі.
Пекін актывізаваў кампанію дэзінфармацыі, спрабуючы аслабіць падтрымку Тайваня з боку ЗША. Напярэдадні магчымых перамоў з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам, кітайскі лідар Сі Цзіньпін можа прасоўваць тры асабліва небяспечныя міфы, піша National Security Journal (пераклад — сайт Charter97.org).
Першая хлусня - сцвярджэнне, што напружанасць у тайваньскім праліве выкліканая выключна "правакацыйнымі" паводзінамі прэзідэнта Тайваня Лай Цын-дэ. Так, Лай звязаны з рухам за незалежнасць і ўзначальвае "дэмакратычную прагрэсіўную партыю", але з пачатку прэзідэнцтва ён змякчыў рыторыку. Больш за тое, канфлікты з Пекінам пачаліся задоўга да яго. Фальшывае ўяўленне пра Лая як “правакатара” — спроба ўбіць клін паміж Вашынгтонам і Тайбэем.
Другая хлусня - ідэя, што ЗША могуць знізіць напружанасць, калі Трамп публічна падтрымае “мірнае аб'яднанне” Кітая і Тайваня. Хоць такі сцэнар малаімаверны праз адсутнасць падтрымкі ў самім Тайвані, Пекін выкарыстоўвае падобныя заявы для падрыву легітымнасці амерыканскай палітыкі ў рэгіёне і ціску на іншых сусветных лідараў.
Трэцяя хлусня - перакананне, што Кітай непазбежна нападзе на Тайвань, і спыніць гэта немагчыма. Хоць Пекін сапраўды зацікаўлены ў кантролі над выспай, яго галоўная мэта - захаваць уладу. Высокі кошт вайсковага канфлікту можа стаць стрымлівальным чыннікам. Уцягнутасць ЗША застаецца ключавым элементам стрымлівання.
Вашынгтону важна бачыць гэтыя хлуслівыя наратывы і супрацьстаяць ім — з цвёрдай падтрымкай Тайваня і цвярозым аналізам рызык.