У вёсцы на Берасцейшчыне адчыніўся шапік без прадаўцоў
- 16.07.2025, 18:33
Сам набіраеш, узважваеш і расплачваешся.
Адна з актыўных карыстальніцаў TikTok падзялілася відэа, у якім расказала пра незвычайны павільён у вёсцы Ракітна Лунінецкага раёна на Берасцейшчыне. Сутнасць гандлёвага пункта ў тым, што ён працуе паводле прынцыпу касаў самаабслугоўвання: набіраеш, узважваеш, расплачваешся. Праўда, ні аховы, ні прадаўца ці кантралёра тут няма, піша smartpress.by.
На роліку відаць, як дзяўчына праходзіць унутр невялікага павільёна з надпісам «Самаабслугоўванне». Тут уладальнік размясціў у скрынках гародніну – капуста, бурак, памідоры, морква, агуркі і інш.
Пасля таго як пакупнік набярэ неабходную колькасць, яму трэба прайсці да вагаў, якія стаяць непадалёк. Аплаціць, мяркуючы з усяго, можна праз сістэму АРІП, аднак на стале стаіць скрынка з надпісам «Рэшту вазьміце тут». Гэта значыць, паводле логікі, калі няма карты, але ёсць грошы гатоўкай, іх трэба пакласці туды ж.
«Гэта нешта накшталт касаў самаабслугоўвання ў гандлёвых цэнтрах, але пабудавана на чалавечай сумленнасці. Калі шчыра, такое я бачыла першы раз», – адзначыла аўтарка роліка.