BE RU EN

NYT: Іран дэпартуе мільён афганцаў

  • 16.07.2025, 18:35

Афганістан на мяжы гуманітарнай катастрофы.

З пачатку года Іран дэпартаваў больш за 1,4 мільёна афганцаў, з іх блізу 500 тысячаў – толькі за апошні месяц, пасля абвастрэння канфлікту з Ізраілем. Кожны дзень мяжу ў раёне Іслам-Кала перасякаюць да 25 тысячаў чалавек, вымушаных пакінуць краіну ва ўмовах ксенафобіі і рэпрэсій супраць мігрантаў, піша The New York Times (пераклад – сайт Charter97.org).

Масавая дэпартацыя пагаршае гуманітарны крызіс у Афганістане, дзе ўжо больш як палова насельніцтва залежыць ад міжнароднай дапамогі. Эканоміка краіны пад кіраваннем талібаў перажывае калапс, а жорсткія абмежаванні, асабліва ў дачыненні да жанчынаў і дзяўчынак, робяць вяртанне многіх дэпартаваных вельмі складаным.

Большасць дэпартаваных працавалі ў Іране на нізкааплатных пасадах, адпраўляючы грошы сваім сем'ям. Страта гэтых грашовых пераводаў пагражае фінансавай стабільнасці сотняў тысячаў афганскіх хатніх гаспадарак. Афганістан таксама адчувае вострую нястачу жылля, працоўных месцаў і доступу да медыцыны.

Сітуацыю пагаршае рост нянавісці і гвалту ў Іране: афганцы церпяць напады, прыніжэнне і адмову ў медыцынскай дапамозе. Улады Ірана абвінавацілі афганскіх мігрантаў у шпіянажы і супрацоўніцтве з Ізраілем, што прывяло да масавых арыштаў і дэпартацый без належнай юрыдычнай працэдуры.

Афганскія ўлады абяцаюць пабудаваць 35 новых паселішчаў для вяртальнікаў, аднак рэсурсы абмежаваныя, а міжнароднае фінансаванне гуманітарных праграмаў рэзка скарацілася.

Міжнародныя арганізацыі заклікаюць Іран забяспечыць гуманнае абыходжанне з мігрантамі і даць час для іх добраахвотнага вяртання. Але на практыцы дзясяткі тысячаў людзей апынуліся на мяжы без маёмасці, перспектываў і ва ўмовах жорсткай сацыяльнай і эканамічнай ізаляцыі.

Апошнія навіны