Кіроўца аўтобуса – «мэру» Берасця: Усе з'ехалі ў Польшчу
- 16.07.2025, 19:24
У горадзе няма каму працаваць.
Старшыня Берасцейскага гарвыканкама Сяргей Лабадзінскі з'ездзіў на «Берасцейскі грамадскі транспарт».
Пра тое, як насамрэч з заробкамі на прадпрыемстве, берасцейскі «мэр» даведаўся не з каментароў у ціктоку, а ад першакрыніцы. Мабыць, для балансу меркаванняў, Лабадзінскі пастанавіў пагутарыць з кіроўцамі. Адзін з іх саромецца вялікага кіраўніка не стаў і расказаў, што сітуацыя з заробкамі зусім не такая вясёлкавая, як яе апісвае кіраўнік. Праз гэта шмат хто з'ехаў у Польшчу і Нямеччыну, таму што там можна зарабіць, а ў Берасці – не вельмі.
«Будуць заробак паднімаць, кіроўцы вернуцца. З Польшчы прыедуць, з Нямеччыны. Навошта ім за мяжой працаваць на іншых людзей, калі тут можна працаваць. Усе ж з'ехалі па вялікі рубель. Тут паднімаць трэба. Няхай на сваю краіну працуюць, а не на замежжа. Навошта нам браць людзей з Афрыкі, Азіі, навучаць іх? Трэба падняць заробак і сваіх людзей вярнуць», – сказаў кіроўца.
Паводле словах мужчыны, у парку дэфіцыт не толькі кіроўцаў, але і слесараў. І таксама праз заробкі.
«І кіроўцаў не стае, і слесараў не стае. Працоўная сіла ўся за мяжой. Усе ідуць туды, дзе болей плацяць. Добрым спецыялістам раней плацілі больш. Узяць Савецкі Саюз. Рабочы там добра зарабляў, мог нешта зарабіць, дабіцца. Кватэры давалі», – адзначыў кіроўца.