BE RU EN

У Менску выставілі на продаж кватэру даражэйшую за 3 млн даляраў

  • 17.07.2025, 9:59

Як выглядае і дзе размешчанае элітнае жыллё?

У цэнтральнай частцы Менска прадаюць элітныя апартаменты плошчай 282,7 м2. Інтэр'ер нагадвае старадаўнія палацы: ляпніна ручной працы, мармур, антыкварныя дэталі, аўтарская мэбля. Але кошт нерухомасці кусаецца, піша realt.by.

Кватэра знаходзіцца на шостым паверсе васьміпавярховага клубнага дома 2016 года на вуліцы Кісялёва. Дом мае ахоўную тэрыторыю, падземны і прыдамавы паркінг.

Кошт жылля 9 035 970 рублёў, або амаль 3,08 млн даляраў.

У кватэры тры пакоі. Але прастора падзеленая на зоны: уключае прасторны перадпакой, гасцёўню, сумешчаную са сталовай зонай, асобную кухню з тэхнікай Gaggenau і Miele, асноўную і гасцявую спальні з уласнымі санвузламі і гардэробнымі, кабінет, пральню з зонай для персаналу і тэхнічныя памяшканні.

У аздабленні выкарыстоўвалі натуральны мармур, паркет, матэрыялы прэміяльных еўрапейскіх брэндаў. Інтэр'ер выкананы ў неакласічным стылі з элементамі рэнесанснай і барочнай дэкаратыўнасці, ўстаноўленая мэбля і дэкор ад італьянскіх і партугальскіх вытворцаў.

Жыллё размешчанае ў гістарычным цэнтры горада — побач Плошча Перамогі, набярэжная Свіслачы. У крокавай даступнасці - адукацыйныя ўстановы, медыцынскія клінікі, буцікі і рэстарацыі.

Апошнія навіны