Армія РФ церпіць разгром пад Пакроўскам
- 17.07.2025, 17:55
Тысячы загінулых і дэзерціраў.
Выцек унутраных дакументаў РФ сведчыць пра маштабныя страты 41-й арміі Цэнтральнай ваеннай акругі - сярод іх тысячы загінулых, зніклых і дэзерціраў.
Пра гэта паведамляе праект "Хачу жыць".
Згодна з дакументамі, якія атрымаў праект, паводле стану на 1 чэрвеня 2025 года па меншай меры 8625 вайскоўцаў 41-й агульнавайсковай арміі Расеі загінулі падчас вайны супраць Украіны. Яшчэ 10 491 лічыцца зніклым без вестак, а 7 846 – дэзерціры.
Сярод усіх падраздзяленняў найбольшыя страты панесла 74-я мотастралковая брыгада з Кемераўскай вобласці - каля 2,5 тысячы загінулых, амаль 3 тысячы прапалі без вестак, і прыкладна столькі ж аб'яўленыя ў вышук.
"Калі зыходзіць з даваеннай колькасці мотастралковых брыгад УС Расеі (каля 3500 чалавек - рэд.), 74-я брыгада толькі ў гэтых катэгорыях, без уліку ваеннапалонных і параненых, змяніла два поўныя саставы", - сказана ў паведамленні.
Паводле звестак праекта, гэтыя страты армія панесла пераважна ў раёне Пакроўска, што ў Данецкай вобласці. Асабліва высокі адсотак дэзерціраў сярод мабілізаваных зняволеных.
Сітуацыя ў Пакроўскім кірунку
Пакроўск і прылеглы кірунак на ўсходзе Украіны застаюцца сярод самых гарачых пунктаў фронту. Цягам апошніх дзён Генштаб УСУ неаднаразова інфармаваў пра жорсткія баі ў гэтым раёне.
Яшчэ ў пачатку траўня галоўнакамандуючы УСУ Аляксандр Сырскі заяўляў, што сітуацыю ў Пакроўскім кірунку ўдалося стабілізаваць.
«Пакроўскі кірунак - адзін з самых складаных участкаў фронту ў расейска-ўкраінскай вайне», - адзначыў тады ён.
З ягоных слоў, украінскія сілы не толькі захавалі кантроль пазіцый, але і на асобных участках змаглі перахапіць тактычную ініцыятыву.
Аналітыкі ISW лічаць, што бліжэйшыя месяцы войска РФ будзе спрабаваць акружыць Пакроўск і з захаду абысці ўмацаваную лінію Сіл абароны ў Данецкай вобласці.
Акрамя гэтага вядома, што расейскае войска спрабуе прарваць абарону ўкраінскіх вайскоўцаў у Пакроўскім кірунку. Там ідуць жорсткія баі.