Беларуская тэхналагічка расказала, як захоўваць хлеб, каб ён не плеснеў
- 17.07.2025, 20:14
Тэрмін прыдатнасці неўпакаванага хлеба складае 36 гадзінаў.
У філіяле «Кааппрама» Ляхавіцкага райспажыўтаварыства расказалі, як правільна захоўваць хлеб летам, каб не было цвілі ці бульбяной хваробы, піша «Ляхавіцкі веснік».
На прадпрыемстве растлумачылі, што тэрмін прыдатнасці неўпакаванага хлеба пры выкананні ўсіх неабходных умоваў складае 36 гадзінаў. А калі хлеб будзе захоўвацца даўжэй у гарачым памяшканні і ў поліэтыленавым пакеце, то бульбяная хвароба можа выявіцца. У сувязі з гэтым тэхналагічка дала параду, як правільна захоўваць хлеб у спякоту.
– Не набывайце хлебабулачныя вырабы ў запас, выкарыстоўвайце іх свежымі цягам 12–14 гадзінаў пасля выпечкі. Улетку хлеб пажадана захоўваць у лядоўні і ні ў якім разе не ў поліэтыленавым пакеце, – дала параду кіраўніца вытворчасці Наталля Волчак.
Яшчэ ў райспажыўтаварыстве звярнулі ўвагу на тое, што з 2023 года вяртання хлебабулачнай прадукцыі з гандлёвай сеткі на кааппрам не рабілася, як і не было ў райспажыўтаварыстве нараканняў на якасць прадукцыі. Аднак захварэлы хлеб пакупнікі ў Беларусі заўсёды могуць вярнуць альбо ў краму, альбо непасрэдна на кааппрам.