BE RU EN

Мерц: Украіна атрымае ЗРК Patriot цягам найбліжэйшых тыдняў

  • 17.07.2025, 20:20

Таксама канцлер ФРГ паабяцаў пастаўкі Кіеву дальнабойнай зброі.

Украіна атрымае ЗРК Patriot цягам найбліжэйшых тыдняў, усе пытанні цяпер узгадняюцца на ўзроўні міністэрстваў абароны.

Пра гэта заявіў канцлер ФРГ Фрыдрых Мерц, паведамляе «Укрінфарм».

«У гэтыя гадзіны міністэрствы абароны абмяркоўваюць дэталі таго, як мы можам забяспечыць адпаведную пастаўку Patriot ва Украіну ў сціслыя тэрміны. Гэта можа заняць тыдні. Перамовы вельмі канкрэтныя, амерыканскі бок гатовы гэта зрабіць, але мы яшчэ не маем выніку», – сказаў Мерц.

Канцлер выказаў меркаванне, што ў «гэтыя гадзіны» паміж міністрамі абароны будуць заключаныя дамоўленасці, якія зробяць тэхнічна магчымым тое, што паабяцаў амерыканскі прэзідэнт.

«ЗША гатовыя вылучыць Украіне зброю, якую прафінансуюць еўрапейскія партнёры. Нямеччына хоча зрабіць значны ўнёсак у гэта. Нам трэба абмеркаваць дэталі з нашымі партнёрамі як мага хутчэй», – сказаў Мерц.

Канцлер ФРГ нагадаў, што ў апошнія дні была дасягнутая дамоўленасць аб тым, што Украіне будуць дастаўленыя новыя сістэмы Patriot з еўрапейскага кантынента і Усходняй Еўропы ў цэлым, і што гэтыя сістэмы потым будуць замененыя Злучанымі Штатамі. Цяпер важным пытаннем з'яўляецца, калі можа адбыцца такая замена.

«Больш за ўсё нам патрэбная яснасць датычна таго, як ЗША заменяць сістэмы ўзбраення, перададзеныя Еўропай... Урэшце мы таксама павінны падтрымліваць уласныя абаронныя магчымасці», – падкрэсліў кіраўнік ураду ФРГ.

Кіраўнік нямецкага ўраду таксама дадаў, што Украіна «неўзабаве – у найбліжэйшыя тыдні і месяцы»– атрымае далейшую падтрымку «ў вялікіх маштабах», у тым ліку ў пытанні дальнабойнай зброі, сярод іншага праз прамысловую кааперацыю, якую Нямеччына ажыццяўляе супольна з Украінай. Мерц адмовіўся раскрываць дэталі і чарговы раз ухіліўся ад адказу на пытанне, ці будуць пастаўленыя Украіне ракеты Taurus.

У кантэксце ўвядзення санкцый ЗША канцлер выказаў таксама надзею, што амерыканскі ўрад разам з амерыканскім Кангрэсам прыме пастановы, якія рыхтаваліся ў Кангрэсе ўжо некалькі тыдняў. Ён адзначыў, што ўсе гэтыя пастановы ўзмацняюць ціск на Пуціна, каб ён нарэшце дамовіўся пра мір, а таксама паказваюць, што Еўропа і ЗША аб'ядноўваюць намаганні ў палітыцы бяспекі.

Апошнія навіны