Супрацоўніца гатэля ў час прыборкі нумара знайшла $50 тысячаў
- 19.07.2025, 16:16
Што яна зрабіла?
У сталічным гатэлі «Звязда» пакаёўка знайшла ў нумары буйную суму грошай гатоўкай, забытую пастаяльцам, піша агенцтва «Менск-Навіны».
Пасля ад'езду госця пакаёўка, якая працуе на 11-м паверсе, пачала прыборку і пры запраўцы пасцелі знайшла пад падушкай пакет з грашыма. Яна неадкладна апавясціла адміністрацыю, дзякуючы чаму атрымалася аператыўна звязацца з няпамятлівым пастаяльцам.
Мужчына, заўважыўшы знікненне, быў моцна занепакоены і прызнаўся, што забыўся ў нумары $50000. Паводле ягоных словаў, ён адмовіўся ад выкарыстання сейфа, надумаўшы захоўваць грошы па-старому.
– Паводле правілаў я адразу звярнулася да адміністратара і, калі кліент прыйшоў, перадала яму грошы. У нас людзі часта нешта забываюць, а з сумленнем угоды не заключаю, – расказала пакаёўка Антаніна.
Кіраўніцтва гатэля выказала падзяку за добрасумленны ўчынак. Жанчыну заахвоцяць прэміяй і афіцыйнай падзякай, якую ўрачыста ўручаць на агульным зборы працоўнага калектыву.
Цікава, што падобны выпадак ужо адбываўся ў гэтым жа гатэлі ўлетку 13 гадоў таму: тады іншая пакаёўка знайшла ў бялізне пояс, у якім былі зашытыя $20000.