BE RU EN

Беларускія банкі ўводзяць шэраг зменаў

  • 19.07.2025, 18:21

Ужо са жніўня.

У жніўні некаторыя банкі ўвядуць новаўвядзенні для сваіх кліентаў. Да прыкладу, у «Беларусбанка» з'явяцца абмежаванні з карткамі, а «МТБанк» спыніць працу USSD-банкінгу, піша «Люстэрка».

«МТБанк» абвясціў, што з наступнага месяца USSD-банкінг спыняе працу. «З 1 жніўня даведацца пра баланс карты, рэшту плацяжу ў крэдыце, разблакаваць або заблакаваць карту з дапамогай USSD-запыту будзе немагчыма. Усе гэтыя аперацыі будуць даступныя ў мабільным банку Moby, інтэрнэт-банкінгу “Мой Банк”, у кантакт-цэнтры», – паведамляе фінустанова.

Таксама «МТБанк» з 15 жніўня зменіць памер камісіі за безнаяўнае залічэнне грошай на рахунак у замежнай валюце, да якога прывязаная картка. Цяпер збор складае 2% ад сумы (але не менш за 5 рублёў). У жніўні яго падвысяць да 3%, а мінімальная камісія застанецца на ранейшым узроўні.

«Беларусбанк» з 4 жніўня ўвядзе некаторыя абмежаванні з карткамі для сваіх кліентаў. «Каб перашкодзіць ашуканцам здзяйсняць крадзяжы з рахункаў, даведваючыся ў кліентаў інфармацыю для рэгістрацыі картак у мабільных плацежных праграмах, мы ўстанаўліваем некаторыя абмежаванні, – паведаміў раней банк. – З 4 жніўня пры зняцці грошай з выкарыстаннем лічбавых рэквізітаў картак “Беларусбанка” (токенаў, згенераваных у мабільных плацежных сэрвісах) у банкаматах і пунктах выдачы грошай гатоўкай уводзяцца абмежаванні: цягам аднаго дня можна будзе атрымаць не больш за 600 рублёў з картак «Бархат» і не больш за 3000 рублёў – з іншых.

«Банк БелЗЭБ» абвясціў, што з 1 жніўня адновіць спагнанне камісіі за абслугоўванне картак «Белкарт Прэміум», якія аформленыя па-за пакетам паслуг. «У дзейных і новых картках, як і раней, камісія складзе 1,5 рубля», – паведамляе фінустанова.

«Банк Дабрабыт» з 1 жніўня пачне прапаноўваць нерэзідэнтам карткі «Белкарт» у рублях тэрмінам дзеяння на пяць гадоў. «З 1 жніўня будзе выпускацца карта “Спраўная”, кошт выпуску для нерэзідэнтаў – 200 рублёў, – удакладнілі ў кантакт-цэнтры банка. – На цяперашні момант карта для нерэзідэнтаў не выпускаецца».

Апошнія навіны