BE RU EN

Інвестыцыі сышлі з РФ у Мексіку, Бразілію і Індыю

  • 19.07.2025, 19:18

Захад больш не хоча ўкладваць у РФ.

Краіны Захаду перасталі інвеставаць у эканоміку Расеі праз вайну ва Украіне і замест гэтага засяродзіліся на ўкладаннях у такія пазаблокавыя краіны, як Мексіка, Бразілія, Індыя і Саудаўская Аравія. Такая выснова ўтрымліваецца ў даследаванні эканаміста Максіміліяна Дыркса (Maximilian Dirks) з Рэйнска-Вестфальскага інстытута эканамічных даследаванняў (RWI) у Эсэне. Артыкул пра гэта апублікаваў у пятніцу, 18 ліпеня, нямецкі справавы часопіс WirtschaftsWoche, піша «Нямецкая хваля».

Заходнія інвестыцыі сышлі з РФ у іншыя краіны

Дыркс прааналізаваў звесткі Сусветнага банка і амерыканскага агенцтва Moody's за 2019–2023 гады аб прамых замежных інвестыцыях заходніх кампаній. Эканаміст вывучаў «інвестыцыі ў чыстае поле» (Greenfield-Investments), гэта значыць такія, калі бізнэс у іншай краіне ствараюць з нуля.

«Вынікі паказваюць, што пасля пачатку вайны заходнія кампаніі ў значных маштабах перанакіравалі інвестыцыі з Расеі і звязаных з ёй краінаў у пазаблокавыя дзяржавы», – піша Дыркс.

У прыбытку Бразілія, Індыя, Мексіка

У самім даследаванні на 39 старонак апублікаваная мапа, паводле якой найбольшую выгаду ад перанакіравання заходніх інвестыцый з РФ атрымалі Бразілія, Індыя, Мексіка і Саудаўская Аравія. Гэта дало іх эканомікам прыкладна 2 адсоткі прыросту ВУП паводле вынікаў 2023 года.

У топ-10 краінаў паводле гэтага паказніку таксама ўвайшлі ААЭ, Аргенціна, Калумбія, Сербія, Філіпіны і Турцыя.

Паводле словаў Дыркса, усяго да пазаблокавых краінаў можна аднесці 125 дзяржаваў свету. Пры гэтым 70 адсоткаў усіх транспамежных інвестыцый сканцэнтраваныя толькі ў 10 з іх.

Апошнія навіны