У Беларусі абвешчаны аранжавы ўзровень небяспекі
- 19.07.2025, 21:25
Амаль па ўсёй краіне будуць навальніцы.
У сувязі з неспрыяльнымі з'явамі надвор'я на 20 ліпеня па ўсёй Беларусі абвешчаны аранжавы ўзровень небяспекі, вынікае з паведамлення Белгідрамета.
Апублікаваная сіноптыкамі мапа сведчыць, што навальніцы і дажджы чакаюцца ва ўсіх рэгіёнах краіны, залевы – у Берасцейскай, Віцебскай, Менскай абласцях, туман – у Гомельскай і Менскай. На падрыхтаванай Міністэрствам надзвычайных сітуацыяў мапе, заснаванай на тых жа звестках, відаць, што навальніца таксама прагназуецца ў сталіцы, піша «Позiрк».
Тэмпература паветра днём у Менску складзе ад 22 да 24 градусаў цяпла (уначы – 15–17), у Магілёўскай вобласці – ад 20 да 25 градусаў (13–18), Берасцейскай, Віцебскай, Менскай, Гомельскай і Гарадзенскай – ад 21 да 26 градусаў (уначы ў Берасцейскай і Гомельскай абласцях – 13–18, у астатніх – 14–19).
МНС папярэджвае, што гэтыя ўмовы надвор'я могуць прывесці да пашкоджання (абрыву) ліній электраперадачы, парушэння электразабеспячэння; узнікнення прыродных і тэхнагенных пажараў; значнага зніжэння бачнасці, цяжкасці або спынення руху транспарту; блакавання людзей у «падвальных і заглыбленых» памяшканнях, а таксама асабістым і грамадскім транспарце; падтаплення асобных дамоў, гаспадарчых пабудоваў, агародаў, сельгасугоддзяў, мясцовых дарог.
Жыхарам краіны рэкамендавана падчас навальніцы трымацца далей ад антэнаў і электраправодкі; не спускацца ў падземныя пераходы і «іншыя заглыбленыя памяшканні»; старацца хавацца ў будынках, размешчаных вышэй за магчымы ўзровень падтаплення; пакідаць аўтамабілі ў гаражах або паркаваць удалечыні ад дрэваў і слаба ўмацаваных канструкцый.