BE RU EN

У Малдове могуць распусціць прарасейскую партыю

  • 19.07.2025, 21:34

Яе лідар учыніў скандал на пасяджэнні.

Цэнтральная выбарчая камісія Малдовы прыняла пастанову, якая можа прывесці да роспуску палітычнай партыі «Шанец», якая ўваходзіць у палітычны блок прарасейскага алігарха-ўцекача Ілана Шора, што абурыла лідара партыі Аляксея Лунгу.

Пра гэта піша «Еўрапейская праўда» са спасылкай на афіцыйную заяву ЦВК.

Як паведаміла прэс-служба ЦВК, падставай для прыняцця пастановы, якая можа прывесці да роспуску палітычнай партыі «Шанец», сталі шматлікія парушэнні заканадаўства аб фінансаванні палітычных партый і неналежная падача фінансавых справаздачаў.

Падчас паседжання прысутнічаў лідар партыі Лунгу, які выступіў з крытыкай на адрас сяброў камісіі і некалькі разоў перарываў паседжанне.

За гэта старшыня ЦВК Анжэла Караман абвясціла яму папярэджанне.

Аднак ягоныя нападкі прадоўжыліся, і Караман выклікала праваахоўнікаў, каб яны суправадзілі Лунгу, і папрасіла яго пакінуць памяшканне.

Як зазначана ў пастанове ЦВК, некаторыя партыі парушылі тэрміны падачы фінансавых справаздачаў або падпісвалі іх неналежнымі асобамі. Сярод іншага, «Шанец» падавала справаздачу са спазненнем, падпісаную толькі электронным подпісам старшыні партыі, што супярэчыць патрабаванням закону.

Акрамя таго, ЦВК выявіла парушэнні ў справаздачнасці яшчэ сямі палітычных партый, некаторыя з якіх ужо знаходзяцца ў працэсе роспуску. Пастанова была прынятая аднагалосна.

Партыя «Шанец» стала дэ-факта пераемніцай партыі «Шор» пасля таго, як яе абвясцілі неканстытуцыйнай, пераняўшы яе колеры і стылістыку. Цяпер партыя ўваходзіць у блок «Перамога», пра стварэнне якога Шор абвясціў у Маскве.

Апошнія навіны