Украіна знішчыла расейскія гелікаптэры на базе ў Крыме
- 2.07.2025, 22:25
З'явіліся спадарожнікавыя здымкі.
Аэрадром Кіраўскае на паўднёвым усходзе Крыма некалькі разоў падпаў нападам Сіл абароны, аднак удар у ноч на 28 чэрвеня стаў самым паспяховым для ўкраінскіх сіл.
Спадарожнікавыя здымкі ад 1 ліпеня, даступныя NV, пацвярджаюць маштабны пажар. Раней касмічны праект NASA, які фіксуе пажары з арбіты Зямлі, даваў інфармацыю аб пажары 28 чэрвеня, менавіта пасля нападу Сіл абароны Украіны.
Спадарожнікавыя фота пацвярджаюць, што пажары былі менавіта на пунктах стаянкі гелікаптэраў і на двух пунктах сістэм СПА. Таксама заўважныя нязначныя пашкоджанні інфраструктуры аэрапорта, некаторых будынкаў на тэрыторыі Кіраўскага.
2 ліпеня праект Днепр-OSINT апублікаваў іншыя спадарожнікавыя здымкі, лепшай якасці, чым тыя, што ёсць у наяўнасці ў NV. На гэтых кадрах відаць не толькі пажар, але і рэшткі трох знішчаных гелікаптэраў. Аўтары праекта пацвярджаюць таксама і пашкоджанне сама меней адной сістэмы СПА "Панцыр-С1".