Дроны атакуюць Маскву і Падмаскоўе чацвёрты дзень запар
- 20.07.2025, 8:22
У РФ пачалася паніка.
У ноч на 20 ліпеня жыхары Масквы і Падмаскоўя паведамілі пра напад дронаў. У Зеленаградзе і пасёлку Галубое прагрымелі выбухі.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на расейскія СМІ.
У ноч на 20 ліпеня ў Маскве і прыгарадах была зафіксаваная новая атака беспілотнікаў. Пра выбухі і характэрныя гукі палёту дронаў паведамілі жыхары Зеленаграда, пасёлка Галубое і Калужскай вобласці.
Напрыклад, у 15-м мікрараёне Зеленаграда, паводле словаў відавочцаў, былі чуваць гучныя выбухі, беспілотнікі праляталі над самымі дахамі шматпавярховак. У некаторых дамах выбіла вокны.
Мэр Масквы Сяргей Сабянін заявіў, што СПА нібыта знішчыла трынаццаць варожых беспілотнікаў, якія атакавалі расейскую сталіцу. На месцах падзення абломкаў працуюць экстранныя службы.
Моцныя гукі палёту дронаў зафіксаваныя таксама ў Калужскай вобласці. Там, як сцвярджаюць мясцовыя жыхары, працуе сістэма супрацьпаветранай абароны.
Афіцыйныя асобы РФ традыцыйна пакуль не паведамляюць падрабязнасцяў пра мэты або маштабы разбурэнняў.