BE RU EN

Стала вядомая найбагацейшая краіна ў свеце

  • 20.07.2025, 16:16

Яе жыхары зарабляюць 6000 еўраў за месяц.

Эканамічныя аналітыкі кожны год параўноўваюць узровень жыцця па ўсім свеце і ацэньваюць, у якой краіне самыя высокія заробкі і шчаснае жыццё. Ідэя жыць у дзяржаве з развітой эканомікай падаецца прывабнай. Але не варта забывацца, што часта ў такіх краінах высокія падаткі і кошты.

Журналісты УНІАН склалі спіс самых забяспечаных дзяржаваў свету на 2025 год. А таксама назвалі верагодныя прычыны іх эканамічнага поспеху. У іх створаныя добрыя ўмовы для жыцця, а насельніцтва жыве ў дастатку.

Якая самая багатая краіна ў свеце – рэйтынг у 2025 годзе

Спіс найбагацейшых дзяржаваў апублікавала выданне Uniwide. Для складання топу эксперты абапіраліся на такія крытэры, як агульны валавы ўнутраны прадукт (ВУП), ВУП на душу насельніцтва і парытэт пакупніцкай здольнасці, а таксама суб'ектыўны індэкс шчасця.

1 месца – Люксембург

Самая багатая краіна ў свеце – гэта малюсенькая тэрыторыя паміж Францыяй, Бельгіяй і Нямеччынай. Усё насельніцтва дзяржавы складае блізу 700000 чалавек.

Як паведамляе сайт Easybiz, сярэдні заробак у Люксембургу складае 81 тысячу еўраў за год або блізу 6750 еўраў за месяц (да выліку падаткаў), а мінімальны – прыкладна 2500 еўраў, што з'яўляецца самым высокім паказнікам у свеце.

Такога ўзроўню жыцця Люксембург дамогся не дзякуючы прыродным рэсурсам. У краіне няма газу і нафты, затое дзейнічаюць нізкія падаткі для кампаній і стабільнае заканадаўства. Дзяржава з'яўляецца вельмі прывабнай для інвестыцый. Сюды прыязджаюць таленавітыя спецыялісты з усёй планеты, а буйныя карпарацыі ахвотна адчыняюць штаб-кватэры. Больш за 90 адсоткаў ВУП забяспечвае сфера паслуг.

Усе гэтыя чыннікі зрабілі Люксембург «эканамічным цудам». Пры гэтым багацце не застаецца толькі ў эліты – урад увёў прагрэсіўны падатак, таму вялікага разрыву паміж багатымі і беднымі няма.

2 месца – Сінгапур

Дзяржава-горад Сінгапур у Азіі – гэта самая багатая краіна свету з усіх, што не знаходзяцца ў Еўропе. Яго гісторыя з'яўляецца прыкладам таго, як жабрацкая рыбацкая тэрыторыя можа стаць адным з самых тэхналагічных мегаполісаў планеты.

Да 1950-х гадоў Сінгапур быў звычайнай беднай паўднёваазіяцкай дзяржавай. Але ў 1959 годзе прэм'ерам стаў Лі Куан Ю, які зрабіў сваю радзіму краінай з расквітнелай эканомікай «першага свету». Ён жорстка змагаўся з карупцыяй, задзейнічаў інвестыцыі ў сферу адукацыі і фінансаваў высокія тэхналогіі, а таксама ўвёў нізкія падаткі для бізнэсу. За 50 гадоў Сінгапур стаў адной з найбагацейшых краінаў.

На карысць эканоміцы ішло і выгаднае геаграфічнае размяшчэнне на скрыжаванні гандлёвых шляхоў. Востраў стаў буйным портам, атрымліваючы вялізныя прыбыткі ад абслугоўвання грузавых караблёў. Як вынік – хоць у дзяржавы ёсць і праблемы, у тэхналагічным развіцці яму няма роўных.

3 месца – Ірландыя

Другая найбагацейшая краіна ў Еўропе знаходзіцца побач з Вялікай Брытаніяй. Чыннікі эканамічнага поспеху Ірландыі падобныя з двума іншымі фіналістамі. Гэта льготныя карпаратыўныя падаткі, прывабныя ўмовы для інвеставання, стаўка на высокія тэхналогіі. Тут адкрылі свае офісы такія тэхналагічныя гіганты, як Meta, Pfizer, Intel, Apple, Microsoft. Да таго ж Ірландыя ангельскамоўная, чым прываблівае ангельскамоўных спецыялістаў з усяго свету. Яны выбіраюць для пераезду менавіта Ірландыю, а не Брытанію, бо апошняя ўжо не ўваходзіць у ЕЗ.

Вядома, у дзяржавы ёсць свае праблемы, як высокія кошты і крызіс жылля. Многія эксперты называюць ірландскі ВУП штучна разадзьмутым, але ўсё ж краіна займае трэцяе месца ў спісе найбольш багатых.

Апошнія навіны