BE RU EN

Паўднёвую Карэю затапіла праз моцныя залевы

  • 20.07.2025, 10:49

Вядома сама меней пра 10 загінулых і 9 зніклых без вестак.

У Паўднёвай Карэі ў выніку магутных ліўняў і апоўзняў, якія прадаўжаюцца ўжо чатыры дні, загінулі сама меней 10 чалавек, яшчэ дзевяць уважаюцца за зніклых без вестак.

Пра гэта паведамляе Yonhap.

Што адбылося

Паводле звестак Міністэрства ўнутраных справаў і Нацыянальнага пажарнага агенцтва, на стан раніцы нядзелі, 20 ліпеня, шэсць загінулых і сямёра зніклых без вестак зафіксавалі менавіта ў павеце Санчхан.

Яшчэ тры смяротныя выпадкі адбыліся ў гарадах Асан (правінцыя Кёнгі), Сасан і Данджын (абодва – правінцыя Паўднёвы Чхунчхон). У горадзе Кванджу за зніклых уважаюцца два чалавекі.

Выратавальныя аперацыі ў Санчхоне прадаўжаюцца. Паводле звестак пажарнай службы, атрымалася эвакуяваць сама меней 58 чалавек, аднак колькасць ахвяраў можа вырасці.

Маштабы бедства

Ліўні, якія пачаліся ў сераду, 17 ліпеня, ужо выклікалі маштабныя падтапленні, апоўзні і разбурэнні. У Санчхоне за гэты перыяд выпала больш за 793 мм ападкаў. Для параўнання, у павеце Хапчхон зафіксавалі 699 мм, а ў Хадоне – 621,5 мм.

Улады паведамляюць пра амаль 2 тысячы інцыдэнтаў, звязаных з затапленнем дарог, апоўзнямі і разбурэннем інфраструктуры.

Таксама зафіксавана больш за 2200 выпадкаў пашкоджання прыватнай уласнасці – жылых дамоў і сельскагаспадарчых угоддзяў.

Усяго ў прытулках знаходзіцца больш за 12 тысячаў чалавек у 14 гарадах і правінцыях краіны.

Апошнія навіны