Ці могуць сабакі распазнаваць добрых людзей?
- 20.07.2025, 11:50
Навукоўцы правялі эксперымент.
Сабакі – нашы адданыя спадарожнікі і, як прынята меркаваць, выдатныя «суддзі характару». Многія ўпэўненыя: калі сабака цягнецца да чалавека, значыць, ён добры. Але ці сапраўды сабакі здольныя ацэньваць, хто добры, а хто не? Новае даследаванне паказала нечаканыя вынікі, піша ScienceDaily.
Каманда даследнікаў з Універсітэта Кіёта правяла эксперымент з удзелам 40 свойскіх сабак, каб высветліць, ці фармуюць яны ўяўленне пра рэпутацыю чалавека, назіраючы за ягонымі паводзінамі ў адносінах да іншых.
Падчас эксперыменту сабакі назіралі, як адзін чалавек дзеліцца ежай з іншым сабакам (дэманстратарам), а іншы – адмаўляецца гэта рабіць. Пасля гэтага сабакі атрымлівалі магчымасць самастойна стасавацца з абодвума людзьмі. Даследнікі адсочвалі, каго сабакі выбіралі першымі, наколькі блізка падыходзілі і як актыўна сябе паводзілі.
Вынікі былі нечаканыя: сабакі не выяўлялі ўстойлівай перавагі да «шчодрага» чалавека ні пасля назірання, ні пасля прамога ўзаемадзеяння. Іх паводзіны не адрозніваліся ад выпадковага выбару.
«Гэта сведчыць, што фармаванне рэпутацыі ў сабак можа быць больш складаным, чым мы думалі», – адзначыла асноўная аўтарка даследавання Хой-Лам Джым.
Даследнікі падкрэсліваюць, што адсутнасць вынікаў не азначае адсутнасці здольнасцяў. Магчыма, абраная метадалогія (просты выбар з двух варыянтаў) не дазволіла ў поўнай ступені адлюстраваць разумовыя здольнасці сабак.
Для больш дакладных высноваў навукоўцы прапануюць пашырыць выбарку, у тым ліку сабак розных узростаў і досведу: ад дамашніх да вулічных, службовых і паліцэйскіх.