Трамп заклікаў скасаваць летнія вакацыі Сената для тэрміновых прызначэнняў
- 20.07.2025, 12:13
Амерыканскі прэзідэнт звярнуўся да лідара рэспубліканскай большасці.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заклікае Сенат не сыходзіць на летнія вакацыі. Ён просіць зацвердзіць прапанаваныя ім кандыдатуры службовых асобаў.
Пра гэта Трамп напісаў у Truth Social.
Амерыканскі прэзідэнт звярнуўся да лідара большасці ў Сенаце рэспубліканца Джона Туна.
«Спадзяюся, што вельмі таленавіты Джон Тун, які атрымаў шматлікія перамогі за апошнія два тыдні, а насамрэч за апошнія шэсць месяцаў, скасуе жнівеньскія вакацыі (і доўгія выходныя), каб зацвердзіць маіх неверагодных намінантаў», – напісаў Трамп.
Як адзначаецца, сенатары павінны зацвердзіць шэсць намінантаў, якіх вылучыў Трамп. Але ў жніўні ў сенатараў запланаваныя вакацыі.
Сярод ключавых кандыдатаў, якіх павінны зацвердзіць – юрыст з Міністэрства юстыцыі Эміль Боў на пасаду суддзі федэральнага апеляцыйнага суда і былая вядоўца тэлеканала Fox News Джанін Піро на пасаду галоўнай федэральнай пракуроркі ў акрузе Вашынгтона.