Спевака-пуцініста Баскава абвесцілі ў вышук
- 20.07.2025, 12:37
Для яго ўжо абралі захад стрымання.
Служба бяспекі Украіны (СБУ) абвесціла ў вышук народнага артыста РФ Мікалая Баскава. Гэта першым заўважыла расейскае дзяржагенцтва ТАСС 20 ліпеня.
Пры гэтым, паводле звестак СМІ, Баскаў знаходзіцца ў вышуку ва Украіне з сакавіка 2022 года. Спевака абвінавацілі ў «замаху на яе тэрытарыяльную цэласнасць», а таксама ўжо абралі завочны захад стрымання – утрыманне пад вартай.
Пры гэтым з 2017 года імя артыста фігуруе ў спісах украінскага сайта «Міратворац».
Дарэчы, у лістападзе 2024 года прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падпісаў указ аб пазбаўленні Баскава дзяржаўных узнагародаў краіны.
Згодна з адкрытымі звесткамі, у вышук абвешчаныя і іншыя вядомыя расейцы, у тым ліку:
міністр асветы РФ Сяргей Краўцоў;
кіраўніца Цэнтральнага банка РФ Эльвіра Набіуліна;
генеральны дырэктар кінаканцэрна «Масфільм», народны артыст РФ Карэн Шахназараў;
дэпутат Дзярждумы, народны артыст РФ Дзмітрый Пяўцоў;
спявачка Таісія Павалій.
Усе яны, як і Баскаў, фігуруюць у базах украінскіх сілавых структураў.