BE RU EN

ЗША пастанавілі ўвесці для турыстаў «збор за сумленнасць»

  • 20.07.2025, 13:23

Колькі давядзецца плаціць?

Падарожнікі, якія накіроўваюцца ў Злучаныя Штаты, хутчэй за ўсё, сутыкнуцца з дадатковымі выдаткамі – ім трэба будзе аплачваць так званы «збор за сумленнасць» (visa integrity fee). Гэтае палажэнне ўтрымліваецца ў нядаўна прынятым «Вялікім прыгожым білі» («One Big Beautiful Bill Act»), ініцыяваным адміністрацыяй прэзідэнта Дональда Трампа.

«Значныя праблемы і нявызначаныя пытанні»

«Новы збор абавязковы для ўсіх, хто афармляе неіміграцыйныя візы, і не можа быць скасаваны», – паведамілі ў CNBC Travel.

Зрэшты, паводле тэксту закону, частка вандроўцаў зможа вярнуць гэтыя грошы.

Пакуль дэталі новаўвядзення застаюцца размытымі, што стварае цяжкасці для турыстаў і візавых службаў.

«Падрабязнасці пра новыя патрабаванні бедныя, што прывяло да "значных праблемаў і нявызначаных пытанняў датычна яго рэалізацыі"», – заявіў прадстаўнік Асацыяцыі падарожжаў ЗША (U.S. Travel Association).

Тым не менш сёе-тое ўжо вядомае.

Колькі давядзецца заплаціць?

У 2025 фінансавым годзе (з 1 кастрычніка 2024 да 30 верасня 2025) збор складзе як мінімум $250. Аднак, паводле закону, міністр унутранай бяспекі мае права павялічыць гэты памер.

Надалей памер збору будзе індэксавацца з улікам інфляцыі.

Каго закране новаўвядзенне?

Плаціць «збор за сумленнасць» давядзецца ўсім, хто афармляе неіміграцыйныя візы, уключаючы:

турыстаў;

справавых падарожнікаў;

замежных студэнтаў.

У той самы час грамадзяне некаторых краінаў (напрыклад, Аўстраліі, Японіі і большасці дзяржаваў Еўропы) могуць уязджаць у ЗША без візаў паводле праграмы Visa Waiver.

Калі і як плаціць?

Збор спаганяецца пры выдачы візы. Такім чынам, тыя, каму адмовяць у дазволе, нічога не заплацяць.

Пры гэтым новы плацёж не замяняе іншыя візавыя зборы, а дапаўняе іх.

«Напрыклад, супрацоўнік з візай H-1B ужо аплачвае $ 205 за заяўку, цяпер павінен будзе ўнесці ў агульнай колькасці $ 455», – удакладніў Стывен Браўн, партнёр іміграцыйнай юрыдычнай фірмы Reddy Neumann Brown PC.

Акрамя таго, закон павялічыў кошт формы I-94 (дакумент пра ўезд і выезд) з $6 да $24.

Ці можна вярнуць грошы?

Зварот магчымы, але толькі пры выкананні ўмоваў візы:

адсутнасць нелегальнай занятасці;

выезд з краіны не пазней як праз 5 дзён пасля заканчэння тэрміну дзеяння візы.

Кампенсацыя будзе рабіцца пасля заканчэння тэрміну візы.

Галоўныя невыразнасці

На гэты момант збор яшчэ не ўведзены, і дакладныя тэрміны яго запуску невядомыя.

«Мяркую, для гэтага спатрэбіцца прыняцце нарматыўнага акта або прынамсі апавяшчэнне ў Федэральным рэестры», – мяркуе Браўн.

Таксама застаецца адкрытым пытанне, як менавіта будзе здзяйсняцца аплата.

«Закон абавязвае міністра ўнутранай бяспекі спаганяць збор, але DHS (Міністэрства ўнутранай бяспекі) не займаецца працэсам падачы заявак або выдачай візаў», – паведамілі ў U.S. Travel Association.

Прадстаўнік DHS у адказ на запыт CNBC заявіў, што для рэалізацыі збору патрабуецца «міжведамасная каардынацыя».

Мэта новаўвядзення

«Закон "One Big Beautiful Bill" забяспечвае неабходныя захады для аднаўлення цэласнасці іміграцыйнай сістэмы ЗША», – сцвярджаюць у DHS.

Як гэта паўплывае на турыстаў?

Паводле словаў Браўна, новы збор мацней за ўсё ўдарыць па трымальніках візаў катэгорыі B (турысты і бізнэсмэны) і замежных студэнтах.

Дарэчы, павышэнне кошту візаў супала з падрыхтоўкай ЗША да буйных падзей 2026 года, у тым ліку святкавання 250-годдзя краіны і часткі матчаў ЧС у футболе FIFA.

Апошнія навіны