BE RU EN

Лекары назвалі прадукт, які лепш за ўсё падтрымлівае здароўе кішачніку

  • 20.07.2025, 14:01

На першым месцы зусім не авакада.

Для здароўя кішачніку чалавеку трэба ў сярэднім ужываць 25–38 г клятчаткі кожны дзень. Аднак насамрэч так робіць толькі невялікі адсотак: усяго 3% мужчынаў і прыкладна 10% жанчынаў.

Абалоніна ўважаецца за важны складнік штодзённага харчавання. Паводле вынікаў даследавання, калі ўжываць яе ў дастатковай колькасці, можна значна палепшыць страваванне, падтрымліваць здароўе костак, кішачніку, кантраляваць вагу, зменшыць рызыку хранічных захворванняў і нават падоўжыць жыццё.

Пры гэтым не трэба ўжываць таблеткі ці нясмачныя кактэйлі з абалонінай. Даволі дадаць у свой штодзённы рацыён прадукты, багатыя на харчовыя валокны. І за адзін з найлепшых прадуктаў уважаюцца маліны. Гэтыя салодкія, універсальныя ягады рэкамендуюцца да ўжывання лекарамі. Напрыклад, гастраэнтэролаг Віл Булсевіч у сваім роліку называе маліны прадуктам нумар 1 для здароўя кішачніку.

Паводле ягоных словаў, у адным кубку малінаў утрымліваецца 7 г клятчаткі, а яшчэ яны багатыя на поліфенолы і вітамін С, якія з'яўляюцца магутнымі антыаксідантамі. І хоць у малінах ёсць прыродны цукар, паводле вынікаў даследавання гэтыя ягады здольныя знізіць рызыку развіцця дыябету 2-га тыпу. А калі захворванне ўжо ёсць, то маліны дапамагаюць яго кантраляваць.

Маліны адносяць да прадуктаў з нізкім утрыманнем FODMAP, гэта значыць ферментаваных вугляводаў, якія выклікаюць у людзей з сіндромам раздражнёнага кішачніку ўздуцце і боль. Таму яны прыдатныя для ўсіх людзей.

Эксперты раяць есці маліны тым, у каго ёсць праблемы са страваваннем або пры неабходнасці аднавіць кішачнік.

Апошнія навіны