BE RU EN

Тайфун «Віфа» абрынуўся на Ганконг

  • 20.07.2025, 15:19

Скасаваныя сотні рэйсаў, дзясяткі пацярпелых.

У нядзелю на Ганконг абрынуўся магутны тайфун «Віфа», хуткасць ветру якога перавышала 167 км/г.

Пра гэта паведамляе Reuters.

Стыхія паралізавала працу горада: былі скасаваныя больш за 400 авіярэйсаў, часткова спынены грамадскі транспарт, павалены сотні дрэваў і пашкоджаная інфраструктура.

Паводле звестак мясцовай метэаслужбы, узровень штармавога папярэджання ў фінансавым цэнтры Азіі дасягнуў 10-бальнага максімуму і пратрымаўся амаль сем гадзінаў, перш чым быў зніжаны да ўзроўню 8.

Цягам трох гадзінаў у горадзе выпала больш за 110 мм ападкаў, асабліва ў паўночнай частцы, якая мяжуе з мацерыковым Кітаем.

Мясцовыя ўлады паведамілі, што сама меней 26 чалавек звярнуліся па медыцынскую дапамогу, больш за 250 чалавек шукалі прытулак у дзяржаўных пунктах.

У горадзе было зафіксавана сама меней 471 паваленае дрэва. Адзін з самых небяспечных інцыдэнтаў адбыўся ў раёне Норт-Пойнт, дзе будаўнічыя рыштаванні сарвала з жылога дома і раскідала па дарозе.

Масавыя скасаванні авіярэйсаў і прыпыненне транспарту

Аэрапорт Ганконга паведаміў пра скасаванне 400 авіярэйсаў, што закранула больш за 80 тысячаў пасажыраў.

Авіякампанія Cathay Pacific скасавала ўсе вылеты з 5:00 да 18:00, а таксама дазволіла бясплатнае перабраняванне квіткоў.

Грамадскі транспарт у горадзе часткова не працаваў: былі спыненыя паромныя рэйсы праз моцныя хвалі, а некаторыя аўтобусныя маршруты прыпыненыя праз паваленыя дрэвы і затапленне дарог.

Сітуацыя ў рэгіёне

Тайфун «Віфа» прадоўжыў рух у кірунку паўднёвай кітайскай правінцыі Гуандун і, паводле прагнозаў, павінен быў дасягнуць узбярэжжа паміж гарадамі Чжухай і Чжаньцзян вечарам.

У Макаа таксама быў абвешчаны восьмы ўзровень штармавой небяспекі, жыхароў папярэдзілі пра магчымыя падтапленні і заклікалі заставацца дома.

Апошнія навіны