Амерыканца з Тэхаса, які праслаўляў РФ, адправілі на фронт
- 23.07.2025, 20:10
Жонка просіць дапамогі.
Тэхасец, які ўцёк ад амерыканскіх школ у «традыцыйную» Расею, стаў гарматным мясам Крамля: яго адправілі на фронт. Ягоная сям'я засталася ў вёсцы і просіць аб дапамозе.
Газета The Times паведаміла пра лёс 46-гадовага Дэрэка Хафмана - былога жыхара Тэхаса, які разам з жонкай і трыма дочкамі з'ехаў жыць у Расею, каб, як ён выказаўся, «выратавацца ад ЛГБТ-індактрынацыі» ў ЗША. Натхнёны абяцаннямі аб «традыцыйных каштоўнасцях» і хуткім атрыманні грамадзянства ён апынуўся на перадавой вайны супраць Украіны.
Як Расея завабіла сям'ю і кінула бацьку ў «мясасечку»
Сям'я Хафманаў атрымала расейскія візы паводле спецыяльнай праграмы Крамля для грамадзян Захаду, якія жадаюць «ўцячы ад неаліберальнай ідэалогіі». Яны пасяліліся ў пасёлку пад Масквой, арганізаваным амерыканскім блогерам Цімам Кірбі. Ідэя - стварыць вёску для «тых, хто расчараваўся ў ЗША». У выніку туды пераехалі толькі дзве сям'і.
У траўні Хафман паведаміў, што ўступае ў расейскае войска дзеля паскоранай натуралізацыі: адзін год службы, і ўся сям'я атрымае расейскія пашпарты. Ён не меў баявога досведу і ледзь гаварыў па-руску. Аднак, са слоў жонкі Дыяны, амаль адразу пасля кароткага курсу яго адправілі на перадавую.
«Ён спадзяваўся на небаявую пасаду або працу вайсковым карэспандэнтам. Замест гэтага яго кінулі ў акопы. Ён адчувае, што яго адправілі на разарванне і спадзяецца толькі на веру», - распавяла яна.
Перад адпраўкай на фронт Хафману загадалі здаць 10 000 рублёў «на рыштунак». Заробак яму не выплацілі. «Ён нічога не атрымаў. Пакуль не атрымае - я не магу нічога яму адправіць», - сказала Дыяна.
Пазней яна выдаліла відэа са скаргамі. Дзе ён знаходзіцца цяпер, невядома. Верагодна, на перадавой. Жонка і дзеці засталіся ў маланаселенай вёсцы без сяброў, падтрымкі і перспектыў.
Адзінае, што дэманструюць яе свежыя відэа, - паўсядзённае жыццё, у якім больш не гучыць ні слова пра вайну.
Сумны канец
Гісторыя Дэрэка Хафмана - трагічны, але паказальны прыклад таго, як працуе расейская прапаганда. Амерыканец паверыў, што з'язджае ў бяспечную альтэрнатыву, а апынуўся ў ролі «гарматнага мяса» ў чужой імперскай авантуры, ягоная жонка — у беднасці і ізаляцыі, а дочкі — у глухой вёсцы без будучыні.
Экспэрты мяркуюць, што, хутчэй за ўсё, Хафман не выжыве. У яго няма вайсковай падрыхтоўкі, а стыль камандавання расейскіх вайскоўцаў прадугледжвае так званыя «мясныя штурмы».
Што будзе далей, невядома. Магчыма, ягоная сям'я будзе вымушаная вярнуцца ў ЗША - у тую самую краіну, ад якой яны ўцякалі.