BE RU EN

У Літву з Беларусі заляцеў беспілотнік

  • 28.07.2025, 8:11

Дрон заўважылі каля Вільні.

У Літву з тэрыторыі Беларусі заляцеў беспілотнік «неўстаноўленага тыпу». Пра гэта гаворыцца ў тэкставых паведамленнях, якія жыхары краіны атрымалі на мабільныя тэлефоны раніцай 28 ліпеня.

У паведамленні гаворыцца, што аб'ект прыляцеў у Літву ў панядзелак раніцай.

«Жыхарам, якія заўважылі беспілотнік, настойліва рэкамендуецца не набліжацца да яго і неадкладна тэлефанаваць на нумар 112», — гаворыцца ў тэрміновым паведамленні ад паліцыі.

Галоўны дарадца Нацыянальнага цэнтра кіравання крызісамі (НЦУКС) Дарус Бута, паведаміў Delfi, што апошні раз аб'ект бачылі недалёка ад Вільні.

- Сёння раніцай жыхароў інфармавалі пра тое, што на тэрыторыю Літвы заляцеў лятальны аб'ект (магчыма, дрон). Паведамлялася, што ён быў заўважаны на вышыні 200 м, у апошні раз яго бачылі побач з Вільняй. Паліцыя задзейнічала ўсе свае сілы, інфармаваныя ўсе службы. Жыхароў просяць інфармаваць аб заўважаным аб'екце на нумары 112, ні ў якім разе не набліжацца да яго. Што гэта за дрон пакуль незразумела, — паведаміў Д.Бута.

Міністарка нацыянальнай абароны Давіле Шакалене заявіла, што інфармацыя пра беспілотнік, які прыляцеў у Літву з Беларусі, удакладняецца.

- Я толькі што размаўляла з міністрам унутраных спраў і камандзірам войска — інфармацыя ўдакладняецца. Звяртаем вашу ўвагу, што сёння спрыяльнае надвор'е для метэазондаў, якія кантрабандысты выкарыстоўваюць для дастаўкі сваіх грузаў, — заявіла Давіле Шакалене радыё LRT.

Як піша Delfi, беспілотнік, які прыляцеў у Літву, мог быць заўважаны ўдзельнікам групы ў сацыяльнай сетцы «Літоўская Авіяцыя/Lietuvos aviacija». У ананімным допісе ён апублікаваў фатаграфіі і відэа беспілотнага лятальнага апарата, падобнага на баявы «Шахед» або імітацыю «Герберы».

Апошнія навіны