Генеральны сакратар NATO «разнёс» Крэмль праз перамовы ў Стамбуле
- 3.07.2025, 11:44
«Даслалі нейкага гісторыка».
Генеральны сакратар NATO Марк Рутэ раскрытыкаваў падыход Расеі да мірных перамоваў з Украінай. З яго слоў, замест рэальнага дыялогу кіраўнік расейскай дэлегацыі Уладзімір Мядзінскі займаецца «лекцыямі па гісторыі».
Пра гэта паведамляе Fox News.
Так, Рутэ заявіў, што зараз самае важнае - прымусіць Расею сесці за стол перамоў і размаўляць аб рэаліях сучаснасці, а не аб падзеях далёкага мінулага.
«Не трэба пасылаць нейкага гісторыка, які расказвае, што было ў 1700 нейкім годзе. Патрэбныя змястоўныя перамовы аб сучаснасці», - падкрэсліў ён.
Рутэ падкрэсліў, што ўкраінцы хочуць спынення агню і міру як мага хутчэй, і для гэтага Захад павінен узмацніць ціск на Маскву, зрэшты, з дапамогай санкцый і іншых рычагоў уплыву.
У той жа час ён падзякаваў прэзідэнту ЗША Дональду Трампу за тое, што той «ссунуў з мёртвага пункта» дыялог з Уладзімірам Пуціным і заахвоціў еўрапейскіх хаўруснікаў больш укладваць сродкаў у калектыўную абарону ў рамках NATO.
«Трамп быў адзіным, хто мог гэта зрабіць. Дзякуючы яму размова з расейцамі пачалася. Цяпер галоўнае - працягнуць яе так, каб яна мела рэальны вынік», - адзначыў Рутэ.