У Азербайджане прапанавалі новыя вайсковыя ідэі на фоне канфлікту з РФ
- 3.07.2025, 10:06
Размова ідзе аб стварэнні турэцкай вайсковай базы на азербайджанскай зямлі.
«Трэба прыняць пастанову аб размяшчэнні найбуйнейшай турэцкай вайсковай базы ў рэгіёне, у Азербайджане, найбліжэйшым часам», - заявіў экс-памочнік прэзідэнта Азербайджана Эльдар Намазаў. Пры гэтым ён таксама дадаў, што новую вайсковую базу можна здаваць у арэнду яшчэ аднаму хаўрусніку Азербайджана Пакістану, пагатоў, што гэтая краіна валодае ядзернай зброяй, паведамляе Middle East Eye.
Падчас ваеннага канфлікту ў Карабаху прэзідэнт РФ выступіў у якасці пасярэдніка паміж Баку і Ерэванам. І хаця афіцыйна Крэмль прытрымліваўся ў гэтай спрэчцы неўтралітэту, было бачна, што Пуцін аддае перавагу Азербайджану.
Каб яшчэ больш умацаваць дачыненні з Баку, у 2024 годзе Пуцін упершыню ў жыцці ў якасці прэзідэнта РФ наведаў Азербайджан. Аднак менш як праз год настрой Крамля цалкам змяніўся.
«Што здарылася, спадар Пуцін? Вас так непакоіць, што Азербайджан стаў моцнай дзяржавай, вярнуў свае землі, аднавіў суверэнітэт і прэзідэнт Ільхам Аліеў прызнаны ва ўсім свеце?» - спытаў дзяржаўны тэлеканал Азербайджана ў эфіры ў пачатку гэтага тыдня.
Напружанасць узнікла ў канцы 2024 года, калі СПА РФ збіла ў небе над Грозным самалёт азербайджанскіх авіяліній. Тады загінулі 38 чалавек.
А ў канцы чэрвеня 2025 года паліцыя РФ падчас расследавання забойства ў Екацярынбургу здзейсніла налёт на дом братоў Сафаравых. У выніку абодва браты былі забітыя і яшчэ некалькі чалавек атрымалі раненні. У Баку адрэагавалі вокамгненна, скасаваўшы візіт у краіну віцэ-прэм'ера РФ Аверчука. Таксама былі спыненыя ўсе культурныя мерапрыемствы, якія планаваліся супольна з РФ.
У пачатку гэтага тыдня сілавікі Азербайджана правялі ператрусы ў рэдакцыі агенцтва «Спадарожнік Азербайджан», арыштаваўшы галоўнага рэдактара і дырэктара.
«Мігрантаў і нерасейцаў прымушаюць да вайны, пагражаюць і шантажуюць. Гэта шырока распаўсюджаная палітыка, арганізаваная і заахвочваная расейскім урадам», - заявіў дэпутат азербайджанскага парламента Турал Ганджалі.
«Хоць Баку пазбягае далучэння да антырасейскіх кааліцый або адабрэння заходніх санкцый, ён не вагаецца займаць цвёрдую пазіцыю ў двухбаковых дачыненнях, дзе яго рыторыка і дзеянні могуць быць асабліва смелымі», – заявіў дырэктар аналітычнага цэнтра Тopchubashov Center Русіф Гусэйнаў.