Тысячы ўвезеных у Расею ў паралельным імпарце машынаў – у міжнародным вышуку
- 3.07.2025, 20:35
Аўто шукае Інтэрпол.
Тысячы іншамарак, увезеных у Расею паводле схемаў паралельнага імпарту, – у базе звестак Інтэрпола, высветліў autonews.ru.
Аўтаўладальнікі, якія набылі машыны ў салонах, выяўляюць, што іх аўто знаходзіцца ў міжнародным вышуку як сагнаныя, калі звяртаюцца ў МУС па змену нумароў.
Аўтаэксперт Кірыл Чарноў апавядае, што схема продажу дэ-факта крадзеных машынаў існуе ўжо блізу 30 гадоў, а асаблівы размах яна атрымала ў часы паралельнага імпарту. Паводле словаў Чарнова, сутнасць «дубайскай схемы» простая: аўтамабіль бярэцца ў лізінг у адной з заходніх краінаў, а потым прадаецца ў Расею, як правіла, праз ААЭ і краіну-транзіцёра, напрыклад, з ліку рэспублік былога СССР.
«Пры гэтым плацяжы за (машыну) прадаўжаюць выплачвацца, таму першапачаткова аўтамабіль ва ўгоне не лічыцца. Аднак праз некаторы час, пасля таго як машына прыехала да нас, аплата спыняецца. Пакуль лізінгавая кампанія разумее, што яе кінулі, праходзіць звычайна месяцы тры. Пасля гэтага аўтамабіль кідаюць у базу Інтэрпола», – расказвае Чарноў.
Паводле ягоных словаў, часта такім чынам у Расею трапляюць менавіта амерыканскія машыны, без прабегу і з вельмі прывабным коштам. У ААЭ на іх продаж глядзяць скрозь пальцы, гаворыць эксперт.
Аўтаюрыст Дзмітрый Дугін расказвае, што судовая практыка пры разглядзе такіх справаў часцей за ўсё негатыўная. «Суды мяркуюць, што паколькі аўтамабіль знаходзіцца ў вышуку праз лінію Інтэрпола, то ён не можа быць зарэгістраваны і дапушчаны да дарожнага руху на тэрыторыі Расеі», – растлумачыў Дугін. Зрэшты, шанцы перамагчы ў справе, паводле словаў юрыста, ёсць. Ён прыводзіць у прыклад паспяховы кейс з Пецярбурга, дзе аўтаўладальніку ўдалося даказаць, што Канада дакументальна не абгрунтавала свае прэтэнзіі, тым самым парушыўшы права ўласніка на ягоную маёмасць.
Праверыць мадэль першапачаткова проста немагчыма, адзначае ў сваю чаргу Чарноў: зрабіць гэта можна толькі ў тым выпадку, калі кіроўца асабіста набывае гэты аўтамабіль у заходніх краінах і сам жа займаецца імпартам у Расею.
Расейскія ўлады дазволілі паралельны імпарт, гэта значыць увоз тавараў без дазволу праваўладальніка, пасля сыходу з краіны замежных брэндаў у 2022 годзе. Летась, паводле звестак «Автостата», праз механізм паралельнага імпарту ў Расею было ўвезена блізу 150 тысячаў новых аўтамабіляў і 400 тысячаў ужываных.
За студзень – красавік 2025 года «Аўтастат» ацэньвае паралельны імпарт аўтамабіляў на 127 тысячаў адзінак, з якіх 100 тысячаў ужываныя, а астатнія – новыя. Найбольшай папулярнасцю сярод увезеных праз паралельны імпарт аўтамабіляў карыстаюцца Toyota, BMW і Mercedes-Benz.