Bild: Нямеччына хоча дамовіцца з ЗША пра фінансаванне дзвюх сістэмаў Patriot для Украіны
- 3.07.2025, 21:37
Кіраўніку Пентагона накіравалі запыт пра таемную ўгоду.
Урад Нямеччыны тэрмінова працуе над ідэяй, каб перадаць Украіне новыя сістэмы супрацьпаветранай абароны і ракеты. Берлін чакае ад міністра абароны ЗША Піта Хегсета абавязальніцтвы даць два зенітна-ракетныя комплексы Patriot, якія прафінансуе Нямеччына.
Пра гэта паведамляе Bild, спасылаючыся на крыніцы.
Паводле іхніх словаў, запыт на таемную ўгоду быў накіраваны Хегсету некалькі тыдняў таму. Як адзначае выданне, раней Украіна спрабавала набыць сістэмы Patriot наўпрост у ЗША, але без поспеху. Пасля гэтага Кіеў звярнуўся па дапамогу да Нямеччыны. Аднак цяпер незразумела, як пастанова ЗША прыпыніць пастаўкі ўзбраення паўплывае на дамоўленасці з Берлінам.
Белы дом спыніў перадачу зброі, якую ўзгадніла папярэдняя адміністрацыя, не патлумачыўшы прычынаў. У нямецкім урадзе цяпер апасаюцца, што ЗША могуць адмовіць і ў просьбе Нямеччыны пра дзве сістэмы Patriot для Украіны, піша Bild.
Скасаванне паставак зброі таксама абмяркоўвалася на паседжанні ўраду 2 ліпеня.
«Стала зразумела, што страту зброі са ЗША кампенсаваць немагчыма. Аднак Нямеччына ды іншыя хаўруснікі цяпер хочуць паспрабаваць прынамсі забяспечыць Украіну сістэмамі Patriot з уласных запасаў», – гаворыцца ў матэрыяле.
2 ліпеня прадстаўнік Пентагона Шон Парнэл пацвердзіў перагляд паставак зброі Украіне і заявіў, што Мінабароны дае прэзідэнту Дональду Трампу варыянты ваеннай дапамогі Кіеву для заканчэння вайны, беручы да ўвагі жаданне «захаваць боегатоўнасць Узброеных сілаў ЗША і прыярытэты праграмы “Амерыка вышэй за ўсё”».