BE RU EN

Парламент Грузіі стаў аднапартыйным

  • 4.07.2025, 9:19

Дэпутатаў ад апазіцыі пазбавілі мандатаў.

Грузінскі парламент стаў аднапартыйным, кіруючая прарасейская партыя пазбавіла мандатаў 12 дэпутатаў з апазіцыйнай партыі "За Грузію" былога прэм'ер-міністра Гіоргі Гахарыя. Нагодай для спынення паўнамоцтваў стала тое, што дэпутаты партыі нібыта не ўдзельнічалі ў пасяджэннях.

Таксама названая партыя пазбаўленая дзяржаўнага фінансавання, паведамляе DW. Старшыня парламента Шалва Папуашвілі заявіў, што прадстаўнікі партыі Гахарыя прапускалі пасяджэнні парламента "без уважлівай прычыны".

У партыі Гахарыя сцвярджаюць, што не прапускалі пасяджэнні, а "байкатавалі нелегітымны парламент". Сам палітык пазбаўленне чальцоў яго партыі мандатаў назваў "старонкай, вырванай з крамлёўскай метадычкі".

Са слоў Гахарыі, апазіцыянераў пазбаўляюць імунітэту, каб расчысціць шлях для палітычных пераследаў і "ліквідаваць пагрозу" напярэдадні муніцыпальных выбараў гэтай восенню.

Парламент Грузіі, паводле закону гэтай краіны, павінен складацца са 150 парламентарыяў. Але на гэты момант у ягонай працы ўдзельнічаюць толькі 89 дэпутатаў. Прычым усе яны - прадстаўнікі кіруючай, прарасейскай "Грузінскай мары".

Астатнія 61 прадстаўнік апазіцыі хаця і прайшлі ў парламент, выконваюць рашэнні сваіх партый. А партыі адмовіліся прызнаць вынікі выбараў і абвясцілі байкот парламента.

Апошнія навіны