BE RU EN

Reuters: Непрадказальныя тарыфы Трампа і хаўруснік Расеі цягнуць кошты нафты ўніз

  • 4.07.2025, 11:33

Дадатковым фактарам стала падвышэнне здабычы краінамі ОРЕС+.

Кошты нафты ў пачатку пятніцы працягнулі зніжэнне. Гэта адбылося пасля таго, як Іран пацвердзіў сваю прыхільнасць да ядзернага нераспаўсюджвання, і на фоне чаканняў, што краіны ОРЕС+ дамовяцца аб павелічэнні здабычы нафты ў гэтыя выходныя, паведамляе Reuters.

Ф'ючэрсы на нафту маркі Brent упалі на 35 цэнтаў, да 68,45 даляра за бараль. Амерыканская нафта маркі WTI патаннела на 25 цэнтаў, да 66,75 даляра.

Паводле інфармацыі амерыканскіх СМІ, ЗША плануюць сустрэцца з Іранам на наступным тыдні, каб аднавіць ядзерныя перамовы. Да таго ж міністр замежных спраў Ірана Абас Аракчы заявіў, што Тэгеран застаецца прыхільным Дамовы аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі. Аднак раней іранскі парламент прыняў закон, які ўскладняе доступ інспектараў МАГАТЭ на ядзерныя аб'екты Ірана.

«Навіна аб тым, што ЗША рыхтуюцца аднавіць ядзерныя перамовы з Іранам, і тлумачэнне Аракчы аб тым, што супрацоўніцтва з атамным агенцтвам ААН не спыненае, значна памяншае пагрозу новай успышкі ваенных дзеянняў», – сказала заснавальніца аналітычнай кампаніі Vanda Insights Вандана Хары.

Дадатковым паніжальным фактарам стала чаканае новае падвышэнне здабычы нафты краінамі ОРЕС+. Адпаведная пастанова можа быць абвешчаная на сустрэчы картэля ў гэтыя выходныя.

Садзейнічае патанненню нафты і нявызначанасць аб павышаных стаўках тарыфаў для гандлёвых партнёраў ЗША. Як вядома, найбліжэйшым часам сканчаецца 90-дзённая мытная паўза, абвешчаная Дональдам Трампам. Плануецца, што ў пятніцу Вашынгтон пачне рассылаць лісты партнёрам, з якімі не ўклалі гандлёвыя пагадненні, наконт новых тарыфаў на экспарт іх тавараў у ЗША.

Прэзідэнт Дональд Трамп заявіў журналістам, што лісты будуць накіраваныя адначасова 10 краінам. У іх будуць указаныя мытныя стаўкі ад 20 адсоткаў да 30 адсоткаў.

Выданне нагадвае, што некалькі буйных гандлёвых партнёраў дагэтуль не дамовіліся з ЗША аб новых пагадненнях. Сярод іх, напрыклад, ЕЗ і Японія.

У той жа час аналітыкі Barclays павысілі свой прагноз коштаў нафты маркі Brent да 72 даляраў за барэль на 2025 год і 70 даляраў за барэль на 2026 год на фоне паляпшэння прагнозу попыту на «чорнае золата».

Апошнія навіны