Гурт «Акіян Эльзы» ашаламіў сумай, якую сабраў на дроны падчас чатырох канцэртаў у Львове
- 4.07.2025, 18:07
Дроны і РЭБы атрымае ГУВ МА Украіны.
Украінскі гурт «Акіян Эльзы» падчас чатырох канцэртаў у Львове сабраў больш за 7 мільёнаў грыўняў на дроны і РЭБы для падраздзяленняў Галоўнай управы выведкі.
Пра гэта паведамляе прэс-служба групы.
З 27 чэрвеня да 1 ліпеня ў Львове прайшлі чатыры канцэрты «Акіяна Эльзы» з нагоды 30-годдзя гурту.
«Гэтыя чатыры вечары не толькі далі магчымасць зноў усім адчуць атмасферу яднання, шчырасці і ўзаемападтрымкі, але і дапамаглі нашым абаронцам на 7747000 грыўняў», – адзначаюць у групе.
Больш за 7 млн грыўняў было атрымана з продажу квіткоў. 515 тыс. атрымана з акцыі партнёраў групы, кампаніі Comfy, якую праводзілі цягам тыдня ў Львове і Львоўскай вобласці. Яшчэ 144 тыс. грн – з продажу дабрачыннай калекцыі брэнду «Авіяцыя Галіччыны».
«Пасля ўзгаднення мадэляў і тыпаў неабходных сродкаў, набыцця і перадачы – справаздачы будуць на нашых афіцыйных рэсурсах. Дзякуй усім, хто быў з намі», – дадаюць у «Акіяне Эльзы».
Нядаўна Святаслаў Вакарчук разам з Badstreet Boys пераспявалі «911» і заклікалі данаціць на «Дронапад».