«Усё абсыпана нейкімі дробкамі падпаленымі»
- 4.07.2025, 18:32
Гамяльчук паскардзіўся на гарачы попел, які ляцеў на галовы пасля феерверку 3 ліпеня.
Выданне «Флагшток» апублікавала відэа мужчыны, які назіраў за феерверкам на плошчы Леніна ў Гомелі. Мужчына паскардзіўся, што падчас імпрэзы на гледачоў сыпаліся гарачыя часцінкі.
– Проста пасля салюту ляціць попел, і ўсе стаяць, і ўсе стаяць абсыпаныя. Проста першы раз такое: усе рукі, усё абсыпана нейкімі дробкамі падпаленымі, – кажа мужчына.
– І калі ў акулярах і паднімаеш галаву ўверх, то акуляры як быццам абараняюць. А калі без акуляраў, то як глядзець, калі шалёныя крошкі на цябе сыплюцца? Карацей, у гэты раз яны нешта або занізка яго запускалі. Або... Не ведаю, першы раз такое, – дзеліцца ўражаннямі жыхар абласнога цэнтра.
Гамяльчук адзначае, што супрацоўнікі МНС папярэдне накрылі аўтамабілі каля месца пуску феерверку спецыяльнай абаронай.
– Цяпер зразумела, чаму, – адзначае ён.
Салют у Гомелі праходзіў з шасці пунктаў і стартаваў а 23-й.