Арменія абвясціла Расеі пратэст праз умяшанне ва ўнутраныя справы
- 4.07.2025, 20:31
МЗС Арменіі перадаў амбасадару Расеі ноту.
Міністэрства замежных справаў Арменіі перадало амбасадару Расеі ноту ў сувязі з заявамі расейскіх чыноўнікаў на адрас армянскіх уладаў, якія Ерэван расцаніў як умяшанне ва ўнутраныя справы.
Пра гэта паведамляе «Арменпресс».
Прэс-сакратарка МЗС Арменіі Ані Бадалян заявіла, што «адкрыта несяброўская, часам варожая прапаганда на расейскіх дзяржаўных тэлеканалах супраць ураду Арменіі» выклікала абурэнне армянскага боку.
Паводле ейных словаў, Расеі праз амбасадара ўручылі ноту, у якой выяўлены «катэгарычны пратэст супраць адкрыта несяброўскай, часта варожай прапаганды супраць ураду Рэспублікі Арменія ў сродках масавай інфармацыі Расейскай Федэрацыі, якая актыўна падаграваецца заявамі некаторых службовых асобаў».
У якасці прыкладу МЗС Арменіі прывяло крытыку з боку расейскіх чыноўнікаў арышту людзей паводле падазрэння ў планаванні дзяржаўнага перавароту.
«Ствараецца ўражанне, што такая інфармацыйная палітыка праводзіцца мэтанакіравана з мэтай падрыву дэмакратыі, законнасці і канстытуцыйнага ладу ў Рэспубліцы Арменія», – адзначыла ўстанова.
Як вядома, 25 чэрвеня ў Арменіі былі затрыманыя сябры сеткі, якая рыхтавала «сілавы захоп улады». Сярод іх – расейскі мільярдэр Самвел Карапецян, які валодае кампаніяй, што кіруе электрычнымі сеткамі Арменіі.