BE RU EN

Расея абязлюдзела: Ва ўладаў пачалася паніка

  • 5.07.2025, 12:57

Расстат закрыў усе звесткі пра дэмаграфію.

Улады Расеі закрылі практычна ўсю дэмаграфічную статыстыку. У апублікаваным на гэтым тыдні дакладзе аб сацыяльна-эканамічным становішчы Расеі за травень не было звыклай інфармацыі пра натуральны прырост насельніцтва, колькасць нараджэнняў і смерцяў, шлюбаў і разводаў, міграцыі і нават пра колькасць насельніцтва, піша The Moscow Times.

«Раздзел “Дэмаграфія” папросту адсутнічае» ў дакладзе, абураюцца аналітыкі MMI: «Адна рэч, калі закрываюць звесткі, якія могуць быць нагодай для ўвядзення санкцыяў. Але зусім іншая рэч, калі закрываюць звесткі, якія тычацца толькі нас, расейцаў».

Дэталёвую статыстыку Расстат ужо закрыў. У апублікаванай у траўні справаздачы «Аб натуральным руху насельніцтва» за першы квартал і сакавік былі толькі агульныя лічбы, без разбіўкі на рэгіёны. З таго часу раздзел не абнаўляўся, звестак за красавік там няма – нават такіх.

Цяпер, на выраз аналітыкаў MMI, «здарылася яшчэ больш страшная рэч»: сталі недаступныя нават самыя агульныя лічбы. «Нас цалкам пазбавілі інфармацыі пра колькасць людзей у краіне, колькі іх нараджаецца, колькі памірае», – канстатуюць яны, заклікаючы ўрад «альбо растлумачыць, чаму гэтыя звесткі закрытыя, альбо аднавіць іх публікацыю».

Апошнія даступныя звесткі такія: на 1 красавіка колькасць насельніцтва складала 146 млн чалавек, скараціўшыся з пачатку года на 61,1 тыс. За тры месяцы нарадзіліся 288,8 тыс. чалавек, 471,8 тыс. памерлі, натуральнае змяншэнне насельніцтва склала 183,3 тыс. чалавек, якую на 2/3 кампенсаваў міграцыйны прырост: 121,9 тыс. чалавек.

Вайна рэзка пагоршыла і без таго цяжкую дэмаграфічную сітуацыю ў Расеі. Расстат прагназаваў, што да 2046 г. насельніцтва Расеі скароціцца да 138,8 млн чалавек: натуральнае змяншэнне перавысіць 12 млн, але будзе часткова кампенсаванае міграцыйным прыростам. Уладзімір Пуцін тым часам ставіць недасяжныя мэты: спыніць натуральнае змяншэнне насельніцтва (спачатку да 2024 г., потым тэрмін перанеслі на 2030 г.), рэзка павысіць нараджальнасць і даўжыню жыцця.

Звесткі пра апошнюю таксама практычна перасталі публікавацца: за 2024 г. Расстат паведаміў толькі, што чаканая даўжыня жыцця (ЧДЖ) склала 72,84 гады. Звесткі ў рэгіёнах, дынаміка ЧДЖ за гэты год і іншае больш не раскрываюцца, як і інфармацыя пра смяротнасць – узроставая структура, прычыны. Нараджальнасць сёлета кожны месяц біла антырэкорды з мяжы XVII–XIX стагоддзяў, адзначаў дэмограф Аляксей Ракша.

Праблема не ў саміх лічбах, а ў дзеяннях службоўцаў, ад якіх патрабуюць дэмаграфічных дасягненняў. «Калі назіраецца настолькі неадэкватная рэакцыя ўладаў на негатыўную, але пакуль не вельмі значную статыстыку, то значыць, ступень дэмаграфічнай істэрыкі ў міністэрствах дасягнула эпічных маштабаў», – пісаў Ракша.

Апошнія навіны