У Менску запусцілі галасавы сэрвіс для пасажыраў транспарту
- 5.07.2025, 13:35
Ён падкажа, праз колькі хвілінаў пад'едзе патрэбны маршрут.
У Менску запусцілі бясплатную інфармацыйную паслугу аб прыбыцці транспарту на прыпынкі, паведаміла прадстаўніца Менгарвыканкама Надзея Лазарэвіч.
Паслуга прапануецца «Менсктрансам», яна закліканая павысіць зручнасць пасажыраў і з'яўляецца альтэрнатывай інфармацыйным табло на прыпынках. Доступ да яе здзяйсняецца праз кароткі нумар 488 праз аператараў мабільнай сувязі A1, МТС і life:). Званок бясплатны.
Патэлефанаваўшы на нумар, пасажыр атрымае галасавую інфармацыю пра час прыбыцця аўтобусаў, тралейбусаў і трамваяў у рэжыме рэальнага часу.
Код прыпыначнага пункта можна знайсці на інфармацыйнай шыльдзе з раскладам руху транспарту побач з QR-кодам у радку для USSD-запыту.