У Данецку ліквідаваны «адмысловы» палкоўнік РФ з пазыўным «Піянер»
- 6.07.2025, 8:50
Ён выконваў асаблівыя заданні на вайне супраць Украіны.
У выніку ўдараў па акупаванай Данецкай вобласці 30 чэрвеня ліквідаваны палкоўнік і начальнік сувязі 8-й агульнавайсковай арміі РФ Васіль Скірнеўскі. Ён удзельнічаў у баявых дзеяннях у Чачэніі, Асеціі, а з 2022 года стаў удзельнікам поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны, піша «Фокус».
На акупаваных Расеяй тэрыторыях Украіны Скірнеўскі выконваў «спецыяльныя заданні», як паведаміла адміністрацыя Парабельскага раёна Томскай вобласці ў Telegram.
«30 чэрвеня 2025 года падчас выканання адмысловых задач падчас спецыяльнай ваеннай аперацыі на тэрыторыі Украіны, «ДНР» і «ЛНР» загінуў наш зямляк Скірнеўскі Васіль Фёдаравіч», - інфармавалі расСМІ.
Палкоўнік Васіль Скірнеўскі меў пазыўны «Піянер». Нарадзіўся 5 красавіка 1978 года ў сяле Парабелі Томскай вобласці, вучыўся ў Томскай вышэйшай вайсковай каманднай вучэльні сувязі. Далей скончыў камандны факультэт вайсковай вучэльні сувязі.
Васіль Скірнеўскі быў начальнікам аддзела сувязі ўправы сувязі Міністэрства абароны Расеі, галоўным інжынерам управы сувязі горада Екацярынбурга. Пасля працаваў на пасадах начальніка сувязі добраахвотніцкага корпуса і начальнікам сувязі палка.
Палкоўнік быў узнагароджаны «Ордэнам мужнасці».
OSINT-аналітык Necro Mancer на старонцы ў сетцы X таксама звярнуў увагу на навіну аб смерці Скірнеўскага. З яго слоў, палкоўнік «прайшоў Чачэнію, Асецію, пагуляў пад Кіевам і быў подла забіты NATO каля Цума ў Данецку».