BE RU EN

Марскія дроны атакавалі базу расейскага флоту ў Новарасійску

  • 6.07.2025, 9:32

Удар быў камбінаваным.

Марскія дроны атакавалі базу расейскага флоту ў Новарасійску, паведамляе Charter97.org са спасылкай на ўкраінскія і расейскія тэлеграм-каналы.

Новарасійск у Краснадарскім краі РФ у ноч і раніцай 6 ліпеня знаходзіўся пад камбінаваным нападам марскіх дронаў і беспілотнікаў. Расейцы скардзяцца, што ў горадзе некалькі гадзін раздаваўся сігнал паветранай трывогі, была чуваць страляніна, працавала СПА. Акупанты ўжо ахрысцілі атаку «бамбічнай раніцай». Пад прыцэлам дронаў знаходзіліся караблі Вайскова-марскога флоту РФ, якія ўцяклі сюды з акупаванага Крыма.

Як паведамляецца ў расейскіх пабліках і заяве мэра Новарасійска Андрэя Краўчанкі, рэгіён масавана атакавалі беспілотныя катэры з вады і дроны - з неба.

Першая паветраная трывога раздалася блізу поўначы. Мясцовыя жыхары пачулі гукі выбухаў і працу супрацьпаветранай абароны. Расейская СПА працавала ва ўзмоцненым рэжыме.

Расейцы скардзяцца, што апошняя атака адбылася ў рамках шырэйшай кампаніі знішчэння флоту варожых караблёў, якую сістэмна праводзіць Украіна.

Наступствы атакі невядомыя. Тым часам у сацсетках скардзяцца на гучныя выбухі і страляніну.

Якія караблі знаходзіліся на базе ў Новарасійску

На сёння ў бухце Новарасійска размешчаныя некалькі ключавых баявых адзінак Чарнаморскага флоту РФ.

Дызель-электрычныя субмарыны праекта «Варшавянка», здольныя запускаць крылатыя ракеты тыпу «Калібр» (па 6-8 адзінак на кожнай лодцы). Паводле інфармацыі з адкрытых крыніц, у порце адначасова дыслакуюцца не менш за тры такія падлодкі.

Фрэгаты класа «Адмірал», у тым ліку «Адмірал Макараў» і «Адмірал Эсэн», якія таксама маюць на ўзбраенні ракеты «Калібр» і рэгулярна выкарыстоўваюцца ў аперацыях супраць Украіны.

Малыя ракетныя караблі тыпу «Буян-М». На 2023 год у склад ЧФ уваходзілі чатыры такія караблі, частка з якіх ажыццяўляе дзяжурства паміж Новарасійскам і акваторыяй Азоўскага мора.

Апошнія навіны