Раптоўная паводка ў Тэхасе: з'явіліся новыя звесткі
- 6.07.2025, 11:15
Сярод загінулых - дырэктар і дзеці з летняга лагера.
Цэнтральны Тэхас пакутуе ад маштабнай паводкі, якая ўжо забрала жыцці сама меней 51 чалавека.
Аб гэтым паведамляе Axios.
Стыхія ўдарыла раптоўна - сярод ахвяр шмат дзяцей, якія знаходзіліся ў прыватным лагеры для дзяўчат паблізу ракі Гвадэлупы.
Што вядома
Паводка пачалася раніцай 4 ліпеня паблізу ракі Гвадэлупы, за 100 км на паўночны захад ад Сан-Антоніё.
Праз моцныя ападкі вада імкліва выйшла з берагоў, затапіўшы лагеры, дарогі і жылыя раёны. Больш за ўсё пацярпелі акругі Кер, Трэвіс, Бернэт і Кендал.
У акрузе Кэр, дзе размешчаны прыватны дзявочы лагер «Містык», знойдзеныя целы 43 загінулых. З іх 12 дарослых і пяцёра дзяцей яшчэ не ідэнтыфікаваныя.
У лагеры дагэтуль зніклымі ўважаюцца 27 дзяўчат.
Мясцовыя ўлады таксама пацвердзілі яшчэ восем смерцяў у суседніх акругах:
4 - у акрузе Трэвіс (Остын)
3 - у акрузе Бернэт
1 - у акрузе Кендал
Сярод загінулых - дырэктар лагера «Містык» Дзік Істленд і трое дзяўчат ва ўзросце 8-9 гадоў: Ліла Бонэр, Джэні Хант і Сара Марш.
Што гавораць ва ўладзе
«Уласнымі вачамі бачыў у пахавальным бюро дзясяткі мяшкоў для целаў. Гэта разбівае сэрца», - заявіў суддзя акругі Кэр Роб Келі.
Міністр унутранай бяспекі ЗША Крысці Ноэм паабяцала мадэрнізаваць сістэму ранняй абвесткі.
Выратавальныя аперацыі працягваюцца. Пошукавыя групы прыцягваюць сабак, дроны і авіяцыю. Дождж не спыняецца, а ўзровень вады ў некаторых раёнах працягвае расці.
Нагадаем, што ўзровень вады дасягнуў у Тэхасе 8 метраў усяго за 45 хвілін, размываючы дарогі і змываючы нават карэты хуткай дапамогі. У асобных месцах вада дасягала амаль 9 метраў.
5 ліпеня шэрыф акругі Лары Лейта паведаміў на вячэрняй прэс-канферэнцыі, што больш за 230 чалавек эвакуяваныя або выратаваныя цягам пятніцы, многія з іх - з дапамогай верталётаў.