BE RU EN

Беларуска з Хойніцкага раёна выдавала сябе за грузінку і падманула даверлівага італьянца

  • 6.07.2025, 19:04

Аферыстка пазычыла ў яго грошы.

Беларуска з Хойніцкага раёна выдавала сябе за грузінку і падманула даверлівага італьянца пасля некалькіх сустрэч. Аб гэтай гісторыі са спасылкай на пракуратуру Фрунзенскага раёна беларускай сталіцы піша агенцтва "Мінск-Навіны".

Знаёмства беларускі і выхадца з Апенінскага паўвострава адбылося ў красавіку 2025-га ў сацыяльных сетках. Сустрэча не прымусіла сябе чакаць: мужчына некалькі разоў вячэраў з 23-гадовай дзяўчынай ва ўстановах Менска. Пры гэтым, са слоў новай знаёмай, ведаў, што яна нарадзілася ў Грузіі, хаця насамрэч прыехала яна ў беларускую сталіцу з куды бліжэйшага Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці.

Пасля першых сустрэч жыхарка Менска з розных прычын пазычыла ў грамадзяніна Італіі 450 рублёў пад абяцанне вярнуць у хуткім часе. Працэс зацягнуўся. Зламысніца спасылалася на збоі ў банкаўскай сістэме, нават падрабіла квітанцыі. А пасля чарговых абяцанняў вось-вось вярнуць грошы перастала выходзіць на кантакт.

Італьянец тым часам зразумеў, што стаў ахвярай махлярства і прыйшоў у міліцыю. Аферыстку хутка знайшлі, выявілі ўсе абставіны і распачалі супраць яе крымінальную справу. 23-гадовую раней не судзімую і нідзе не працаўладкаваную жанчыну абвінавачваюць у завалоданні маёмасцю шляхам падману і злоўжывання даверам. Прасцей кажучы, размова аб махлярстве (частка 1 артыкула 209 Крымінальнага кодэкса Беларусі).

Апошнія навіны