BE RU EN

Мікалай Статкевіч знаходзіцца пяць год за кратамі і амаль тры ў рэжыме інкамунікада

  • 27.06.2025, 11:05

Адміністрацыя калоніі не дае ніякай інфармацыі.

Пяць год за кратамі і амаль тры гады ў рэжыме інкамунікада знаходзіцца вядомы беларускі палітык, лідар сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная грамада» Мікалай Статкевіч.

Напрыканцы траўня ў Стамбуле яго ўганаравалі прэміяй Франсіска Пенья Гомеса, які з’яўляецца сімвалам барацьбы за дэмакратыю, як, прынамсі, і сам беларускі палітык Мікалай Статкевіч.

Пра гэта ды іншае з «Госцем Рацыі» – выконваючым абавязкі кіраўніка партыі «Народная грамада» Яўгенам Вільскім – размаўляла карэспандэнтка «Радыё Рацыя» Таццяна Смоткіна.

— Ужо пяць год за кратамі і амаль тры гады ў рэжыме інкамунікада знаходзіцца Мікалай Статкевіч. Усё ж такі ці стала хоць штосьці вядома пра вашага лідара за гэты час, хаця б тое, ці жывы ён?

— На жаль, нічога невядома, адміністрацыя калоніі не дае ніякай інфармацыі, таму нічога не выходзіць. Але, магчыма, што ён усё ж жывы.

Пяць гадоў, а ў рэальнасці ўжо 12 год, аддадзена турме. Уявіце – аддаеш 12 год свайго жыцця, якое даецца толькі адзін раз, на тое, што сядзіш у калоніі ці каменным турэмным мяху. Я б нікому не хацеў бы такой жыццёвай гісторыі.

Пра Статкевіча нічога невядома. Некаторых паказваюць, мы ведаем, што і Машу Калеснікаву паказвалі, і пра Бабарыку нейкая інфармацыя праскоквала, і Сяргея Ціханоўскага, даўно, але ж паказвалі. А пра Статкевіча няма ўвогуле нічога ўжо шмат гадоў, то бок ужо тры гады. Яго самага першага паставілі ў рэжым інкамунікада і ,відаць, будуць трымаць да самага апошняга. Таму што гэта асабісты вораг рэжыму, асабісты вораг Лукашэнкі. Адпаведна яго ламаюць як толькі могуць.

— Тым больш ён былы вайсковец, зразумела, што цяжка зламаць такога чалавека. Хоць некаторыя кажуць, што зламаць можна кожнага. Давайце нагадаем, пры якіх абставінах яго забралі сілавікі ў Беларусі, за пяць год людзі ўжо маглі і забыцца на тую сітуацыю, якая адбылася.

— Згодны, неяк гэта ўсё сыходзіць з памяці. Мікалая Віктаравіча затрымалі, калі ён ехаў на мітынг. Гэта было 31 траўня. У машыне было некалькі чалавек, яго адзінага выцягнулі людзі ў цывільнай вопратцы, без формы, проста незразумелыя людзі ў цывільным, нейкія “корачкі” сунулі. Калі ён выйшаў з машыны, яго скруцілі, пасадзілі ў “бус” і звезлі. Гэта было падобна на захоп нейкай бандай закладніка, да таго яго баяліся.

Проста беларускую рэвалюцыю 2020 года абезгаловілі, то бок аднаго з тых людзей, які шмат гадоў займаўся падрыхтоўкай. Рэжым добра разумеў, хто ён і што ён робіць. І таму самым першым абезгаловілі рух, арыштаваўшы Статкевіча.

Невядома ж, як пайшло б, калі б Статкевіч заставаўся на волі, калі бзаставаўся на волі Севярынец, калі б заставаліся на волі пару дзясяткаў людзей, якіх адразу ізалявалі. Невядома, ці быў бы наш 2020 год такім музычным і яркім ад балонікаў. Можа быць, ён пераўтварыўся б у нейкі рэальны супраціў і рух па зносу нашага рэжыму. Але рэжым добра разумеў, каго першага трэба схапіць.

Нездарма Статкевічу адзінаму далі асобы рэжым. Калі ўсе астатнія нашы палітзняволеныя знаходзяцца на ўзмоцненым рэжыме, то Статкевіч адзіны з палітычных знаходзіцца на асаблівым рэжыме. Гэта турма для рэцыдывістаў у Глыбокім, якая знаходзіцца ў будынку старога кляштара з метровымі сценамі. Яго камера знаходзіцца ў падвале, то бок няма ні сонца, нічога. Па некаторай інфармацыі, памер гэтай камеры 1х3 м. Гэта сярэднявечныя катаванні ў дваццаць першым стагоддзі. Гэта, канешне, жах.

последние новости